40 базавых велічыняў атрымаў Новік А.М. за правядзеньне партыйнага сходу
29 жніўня 2005 году Брэсцкі раённы суд пад старшынствам судзьдзі Сенько Мікалаем Аляксеевічам разгледзеў адміністратыўную справу, заведзеную на Новіка А.М. па ч.1 арт.167-1 (правядзеньне несанкцыянаванага сходу).
Пры гэтым суд не задаволіў хадайніцтва прыцягваемага Новіка А.М., каб ягоныя інтарэсы прадстаўляў Малей У.У., а таксама забараніў журналісту, сябру БАЖу, Уладзіміру Вялічкіну, у катэгарычнай форме весьці аўдыёзапіс.
На судзе спадар Новік А.М. патлумачыў, што па юрыдычным адрасе першаснай арганізацыі ПКБ праводзіўся планавы сход, які не падпадае пад класіфікацыю "несанкцыянавага мерапрыемства", акрамя таго канфіскацыю ў яго легальнай газэты “Таварыш” – 600 асобнікаў – лічыць беспадстаўнай і незаконнай.
Выкліканыя ў суд у якасьці сьведкаў міліцыянты прызналі, што на самім сходзе не былі, але бачылі людзей на падворку, а таксама спасылаліся на шматлікія званкі пільных грамадзян, якія ўказалі на арганізатараў "несанкцыянаванага сходу" Новіка, Лябедзку і Шушкевіча.
Суд вынес рашэньне прызнаць Новіка А.М. вінаватым у правапарушэньні прадугледжаным ч.1 арт.167-1 і вынес грашовае пакараньне ў памеры 40 базавых велічыняў, што адпавядае суме 1.020.000 (адзін мільён дваццаць тысячаў) беларускіх рублёў.
Пасьля паседжаньня юрыст ПЦ "Вясна" Уладзімір Малей пракаментаваў судовае паседжаньне: "Па-першае, судзьдзя інгнаруе Закон і парушае працэсуальныя нормы, не дапускаючы прадстаўнікоў у працэс. Згодна ч.3 арт.3 Закону "Аб масавых мерапрыемствах..." правядзеньне партыйнага сходу ў закрытым памяшканьні не зьяўляецца парушэньнем, таму рашэньне суду прынята беспадстаўна і незаконна, яно будзе абскарджана ў надзорным парадку старшыні абласнога суду! Па-другое, супрацоўнікі РАУС праводзілі прэвентыўныя дзеяньні па недапушчэньні рэалізацыі права членаў ПКБ на правядзеньне партыйнага сходу, каб абмеркаваць свае ўнутрыпартыйныя справы. Сёньня любыя сходы грамадзян выклікаюць жах у масцовых уладаў, таму што партыйныя сходы, згодна заканадаўства, могуць праводзіцца без дазволу з іхнага боку! Лічу, што пастанова суду зьяўляецца інструментам дзеля запалохваньня іншых членаў арганізацыі!"