viasna on patreon

Міжнародная арганізацыя абароны правоў мультыплікатараў і карыкатурыстаў патрабуе спыніць перасьлед беларускіх калегаў.

2005 2005-09-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супраць распачатай пракуратурай 16 жніўня крымінальнай справы, падставай для якой сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце ініцыятывы “Трэці шлях”, выступіла міжнародная арганізацыя абароны правоў мультыплікатараў і карыкатурыстаў, паведаміла радыё Свабода.

У Андрэя Абозава, Паўла Марозава ў Менску і ў Алега Мініча ў Горадні супрацоўнікі КГБ у выніку ператрусу забралі ўсе кампутары і носьбіты інфармацыі. У Алега Мініча і ягонай жонкі Галіны супрацоўнік КГБ забраў пашпарты. Мініч накіраваў скаргу ў менскую пракуратуру, але адказ на яе будзе толькі цягам месяца.

Нядаўна Андрэю Абозаву і Павалу Марозаву выказалі падтрымку калегі з кампаніі “Дзіва прадакшн” у Кіеве, да якіх паехалі хлопцы, каб аднавіць дзейнасьць сайту. Цяпер у абарону беларускіх калегаў выступіла міжнародная арганізацыя мультыплікатараў. Прадстаўніцтвы гэтай міжнароднай арганізацыі знаходзяцца амаль ва ўсіх краінах сьвету. Лідэр арганізацыі доктар Робэрт Расэл у Вашынгтоне заклікаў аніматараў накіроўваць свае заявы ў беларускія амбасады з патрабаваньнем спыніць перасьлед распаўсюднікаў мультфільмаў у інтэрнэце.

Сябры арганізацыі заяўляюць, што, калі беларускія ўлады не спыняць перасьлед іх беларускіх калегаў, то цягам тыдня ў інтэрнэце з’явяцца дзесяткі карыкатураў і мультфільмаў пра Аляксандра Лукашэнку і палітычную сытуацыю ў Беларусі. Некалькі заяваў ужо паступілі ў беларускую амбасаду ў ЗША, у амбасады Еўрапейскіх краінаў.

Сябра арганізацыі мультыплікатараў вядомы ўкраінскі карыкатурыст Алег Смаль каментуе сітуацыю: “Улада занадта сур’ёзна ўспрымае карыкатуру. Яна, відаць, усяго баіцца, калі такая рэакцыя. Калі ўлада пачынае змагацца з карыкатурыстамі, то яна адчувае пагрозу і на іншых накірунках. Можна ёй толькі паспачуваць. Я некалькі разоў маляваў нашых палітыкаў і Лукашэнку. Некаторыя нашы палітыкі калекцыянуюць мае малюнкі. Напрыклад, прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка. А вось, калі ўлады пачынаюць змагацца з карыкатурыстамі, то гэта ж лепшая для іх рэкляма. Гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што працуюць яны не дарма. Спадзяюся, што ва ўлады хопіць розуму не змагацца са сьмехам, бо гэта марная праца.”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства