viasna on patreon

Асамблеі НДА паўторна адмовілі ў рэгістрацыі

2009 2009-04-10T16:52:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі 10 красавіка кіраўнікі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў, якія днямі атрымалі адказ з Мінюсту.

Ліст з адмовай, падпісаны намеснікам міністра юстыцыі Аляксандрам Сіманавым, арганізацыя атрымала 9 красавіка. (Заяўку на рэгістрацыю падалі ў Мінюст 6 сакавіка).

Міністэрства абгрунтавала сваё рашэнне парушэннямі парадку стварэння асацыяцыі, быццам бы дапушчанымі пры заснаванні Асамблеі НДА. У прыватнасці, сцвярджалася, што ўстаноўчая дамова з’яўляецца несапраўднай, бо кіраўнікі арганізацый-заснавальнікаў падпісалі яе без згоды кіруючых органаў гэтых грамадскіх аб’яднанняў. Таксама міністэрства палічыла, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказання на прадмет дзейнасці яе сябраў.

Прадстаўнікі Асамблеі лічаць адмову палітычна матываванай. «Устаноўчая дамова аб стварэнні Асамблеі падпісвалася кіраўнікамі арганізацый-заснавальнікаў пасля таго, як іх упаўнаважылі на тое сходы ў кожнай арганізацыі, — падкрэсліў юрыст Юрый Чавусаў. — Устаноўлены законам парадак быў выкананы, і гэта пацвярджаюць дакументы».

Прэтэнзію наконт таго, што назва Асамблеі не адлюстроўвае прадмету дзейнасці яе сябраў, юрыст лічыць «прынцыповай». «У Асамблею ўваходзяць вельмі розныя арганізацыі, і адлюстраваць у назве прадмет дзейнасці ўсіх адразу немагчыма. Калі прызнаць гэтую прэтэнзію слушнай, то будзе немагчыма ўвогуле зарэгістраваць якую-кольвек асацыяцыю негаліновага характару», — падкрэслівае Ю. Чавусаў.

Найбліжэйшым часам кіраўніцтва Асамблеі НДА збіраецца абскарджваць адмову Мінюста ў Вярхоўным судзе. «Паралельна будзем думаць пра тое, каб падаць яшчэ раз дакументы на рэгістрацыю», — дадаў Старшыня Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч.

Ён нагадаў, што гэтая адмова ў рэгістрацыі — паўторная: упершыню ініцыятары стварэння Асамблеі спрабавалі зарэгістравацца ў 2002 годзе. Вынік быў гэткі ж самы — прычым, чакаць адказу ад Мінюсту тады давялося паўтара гады. Скарга Асамблеі на тое рашэнне зараз знаходзіцца ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства