viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, сакавік 2009 году

2009 2009-04-10T17:43:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Традыцыйна, значнай падзеяй сакавіка зьяўляецца падрыхтоўка і сьвяткаваньне чарговых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі: упершыню за апошнія гады мірная акцыя, сьвяткаваньне Дня незалежнасьці, сапраўды прайшла спакойна, без сілавога разгону і затрыманьняў. Між тым, нельга сказаць, што ўсё было дазволена і прайшло ў адпаведнасьці з гарантаваным правам на свабоду мірных сходаў.У гэты дзень супрацоўнікі міліцыі і сьпецслужбаў правялі шэраг вобшукаў і затрыманьняў актывістаў – як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.Удзень супрацоўнікі сталічнай міліцыі ўварваліся ў кватэру актывіста руху “Джынс – за Свабоду” Алега Ладуцькі і правялі вобшук. Была затрыманая  актывістка гэтага руху Паліна Дзякава. Адбыліся ператрусы і на кватэрах, якія арэндуюць маладафронтаўцы Валер Мацкевіч і Дзяніс Карноў. У абодвух выпадках міліцыянты паведамілі, што ў дзяжурную частку паступілі тэлефанаваньні, што ў кватэры адбываецца бойка. Увечары 25 сакавіка Дз. Карнова разам з актывісткай "Маладога фронту" Настай Палажанкай супрацоўнікі сьпецслужбаў схапілі каля станцыі метро "Каменная горка", сілай запіхнулі ў машыну, адабралі мабільныя тэлефоны, насунулі на вочы шапкі і вывезлі за горад, адкуль яны былі вымушаныя вяртацца на спадарожных машынах. Дз. Карнова пры гэтым зьбівалі, пагражалі, і ўрэшце парэзалі джынсы.У Гомелі міліцыянты затрымалі і абвінавацілі ў дробным хуліганстве актывістаў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Кастуся Жукоўскага і Сяргея Трыфанава. Суд пакараў С.Трыфанава адміністратыўным штрафам у памеры 30 базавых велічыняў, К.Жукоўскага – 3-ма суткамі арышту. Па дарозе ў Менск салігорская міліцыя затрымала актывіста ствараемай грамадзкай кампаніі “За свабоднае развіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандра Цэцуру. У Віцебску за зьяўленьне на плошчы Свабоды з бел-чырвона-белымі сцягамі судзілі актывістаў БХД Сяргея Каваленку, Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава. Іх пакаралі штрафамі. На чыгуначным вакзале ў Менску міліцыя затрымала і дэпартавала з Беларусі грамадзянаў Расіі, прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі “Абарона” Алега Казлоўскага, Аляксандра Савельева і Максіма Тарлыкова.

Падрыхтоўка да буйной сакавіцкай акцыі, як заўсёды, пачалася загадзя. Меркавалася, што сёлетни Дзень Волі будзе мець выражаны сацыяльны характар, улічваючы тую цяжкую эканамічную сітуацыю, у якой апынулася Беларусь.Заяўка ў Мінскі гарвыканкам на правядзеньне 25 сакавіка шэсьця i мітынгу была пададзеная яшчэ 2 лютага. Заяўнікамі мерапрыемства сталі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і тры ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Па словах старшыні Партыі БНФ Л. Баршчэўскага, сёлетні Дзень Волі як ніколі меў міжнародны асьпект, паколькі цяперашняя акцыя адбывалася падчас так званага дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім Саюзам. Як паведаміў В.Івашкевіч, галоўны лозунг, якія БНФ прапанавала да акцыі, – гэта  “Дзень незалежнасьці 25 сакавіка: за праўду, за справядлівасьць, за свабоду!”.  Як адзначыў на папярэдняй прэс-канферэнцыі В. Вячорка, рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі сёньня як і раней сыходзіць менавіта ад дзейнай улады, якая працягвае праводзіць тупіковую палітыку. Ён падкрэсьліў, што так званы выпрабаваўчы пэрыяд, які заканчваецца 13 красавіка, ужо можа быць папярэдне ацэнены нэгатыўна як перыяд страчаных шанцаў. Па словах палітыка, не было зроблена ніякіх захадаў дзеля інстытуцыянальных зьменаў, перад усім, зьменаў у заканадаўстве, і відавочна, за той час, які застаўся, іх зрабіць ці нават распачаць проста ўжо будзе немагчыма.

Адзначэнне гадавіны абвяшчэння незалежнасьці Беларусі праводзілася ня толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. 22 сакавіка перад будынкам штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адбылася сьвяточная акцыя, Беларускі Моладзевы Рух Амерыкі сабраў разам маладых беларусaў  з Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі і Вашынгтону пад лозунгамі абароны незалежнасьці краіны. А 13-й гадзіне ў Беларускім музеі ў Нью-Ёрку адбылoся ўрачыстае адкрыцьцё выставы "Мастацтва супраць дыктатуры", якая раней была паказана ў Эстонскім Парламенце i ў штаб-кватэры German Marshall Fund у Вашынгтоне.

24 сакавіка ў Менску адбылася прэс-канферэнцыя міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, на якой быў прэзентаваны даклад «Спынім сьмяротныя пакараньні ў Еўропе: на шляху да адмены сьмяротнай кары ў Беларусі». Нагадаем, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы (пасля адмены сьмяротнага пакараньня Узбекістанам з 1 студзеня 2008 году), дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. У студзені 2009 году ў Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, мэтай якой ёсьць спыненьне сьмяротнай кары ў краіне і далучэньне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасьцяў. Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны падрыхтавалі адпаведную петыцыю. Гэты зварот за подпісамі як вядомых беларускіх дзеячоў, так і простых грамадзянаў будзе перададзены беларускім уладам. Праваабаронцы Беларусі, як і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, спадзяюцца, што кіраўніцтва краіны пяройдзе да рашучых дзеяньняў, скіраваных на спыненьне выкананьня сьмяротных прысудаў. Каб наладзіць зваротную сувязь у абмеркаваньні гэтага пытаньня, праваабаронцы супольна з арганізацыямі Беларускі Хельсінскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, а таксама Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнуліся да ўсіх жадаючых з прапановай выказацца, а менавіта, прыняць удзел у конкурсе творчых працаў на тэму сьмяротнага пакараньня. Удзельнікам конкурсу прапануецца выказаць сваё стаўленне да выключнай меры пакараньня – смяротнай кары. Лепшыя працы будуць зьмешчаныя на сайтах арганізатараў і патрапяць у зборнік творчых працаў.

Міністры замежных справаў Еўразвязу пагадзіліся працягнуць прыпыненьне візавай забароны на ўезд некаторых беларускіх афіцыйных асобаў яшчэ на 9 месяцаў. Адначасова было вырашана падоўжыць гэтыя абмежавальныя меры яшчэ на 12 месяцаў. Паводле Карла Шварцэнберга, міністара замежных справаў Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Еўразьвязе, прычынай такога рашэння стала складаная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі: “Рашэньне падоўжыць санкцыі і працягнуць прыпыненьне візавай забароны адлюстроўвае складаную сітуацыю ў Беларусі, якую мы назіралі цягам апошніх тыдняў. Апошнія выпадкі парушэньня правоў чалавека, безумоўна, нас непакояць”.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 

3 сакавіка фігуранту “працэсу 14-ці” маладафронтаўцу Арцёму Дубскаму было прад’яўлена абвінавачаньне  па крымінальным арт. 415 КК (“Ухіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі). Як адзначыў юрыст Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы не выключаюць, што праваахоўныя органы такім чынам працягваюць перасьлед дэмакратычных актывістаў, і робяць гэта нібыта на законных падставах – за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня.

 9 сакавіка асуджаны летась па “працэсу 14-ці” лідэр “Маладых дэмакратаў” Міхал Пашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Па словах актывіста, падставай для правапарушэньня паслужыла тое, што 5 сакавіка ён затрымаўся на працы  і ў выніку праблемаў з транспартам спазніўся дахаты на 20 хвілінаў. Калі ж падчас адбыцьця пакараньня тройчы парушыць рэжым, узбуджаецца  крымінальная справа  па арт. 415 КК (“Ухіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі).

 24 сакавіка асуджаны па “працэсу 14-ці” напрыканцы 2008 моладзевы актывіст Аляксандар Баразенка паведаміў, што напярэдадні быў збіты супрацоўнікам міліцыі. 26 сакавіка яго выклікалі да начальніка крымінальна-выканаўчай інсьпекцыі Фрунзенскага РУУС Менску Натальлі Нікіценка. Яна вынесла маладзёну папярэджаньне за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня. Гэта ўжо другое вынесенае А. Баразенку папярэджаньне. Такім чынам, варта яму дапусьціць яшчэ адно мінімальнае парушэньне і атрымаць яшчэ адно папярэджаньне, як можна трапіць пад крымінальную справу па арт. 415 КК РБ. Між тым, максімальнае пакараньне, прадугледжанае па гэтаму артыкулу, – тры гады пазбаўленьня волі. У крымінальна-выканаўчай інсьпекцыі ад А. Баразенкі запатрабавалі напісаць пісьмовую заяву па факце збіцьця яго супрацоўнікам міліцыі. Адпаведную скаргу ён таксама накіраваў і ў пракуратуру. Нагадаем, што за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў моладзевы актывіст быў асуджаны апошнім з 14-ці асуджаных па гэтай справе, бо навучаўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага. 9 сьнежня 2008 году судзьдзя Цэнтральнага райсуду сталіцы Натальля Вайцяховіч пакарала моладзевага актывіста абмежаваньнем волі тэрмінам на 1 год без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

 31 сакавіка віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, сузаснавальніку Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Наша Вясна", прад’яўлена абвінавачаньне адразу па двух крымінальных артыкулах: па арт.131 Крымінальнага Кодэксу за распальваньне міжнацыянальнай і расавай варожасьці і па ч. 2 арт. 367 КК за паклёп на Прэзідэнта краіны. Папярэдняе следзтва праводзіў сьледчы УКДБ па Віцебскай вобласьці. Нагадаем, што раней правабаронцу падазравалі ва ўчыненьні крымінальнага злачынства па арт. 131, але затым сьледчыя дзеяньні былі прыпыненыя. У сакавіку сьледзтва было адноўлена, у Л.Сьвеціка ўзялі падпіску аб нявыездзе.

  1. Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў і дзейнасьць сьпецслужбаў

 11 і 12 сакавіка ў Астраўцы супрацоўнікі міліцыі з санкцыі раённага пракурора правялі агляды кватэраў грамадзкіх актывістаў, сябраў аргкамітэту кампаніі “Астравецкая атамная – гэта злачынства” Міколы Уласевіча і Івана Крука. Падставаю для падобных дзеяньняў паслужыла паведамленьне ад начальніка рэгіянальнага Ўпраўленьня КДБ сп. Шмурэя, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару. Па словах І.Крука, ператрусы зьвязаныя з выхадам маланакладнай газеты “Астравецкі весьнік”, у якой зьмешчаныя матэрыялы, ськіраваныя супраць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі раёну.

 Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму даслала адказ на зварот моладзевага актывіста Валера Мацкевіча ў пракуратуру Фрунзенскага раёну Менску на дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Актывіст прасіў правесьці праверку па факце незаконнага вобшуку ў кватэры, што здымаюць маладафронтаўцы В.Мацкевіч, Мікола Дземідзенка і Вадзім Ханяўка, напярэдадні акцыі 14 лютага ў дзень Святого Валянціна. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі без санкцыі пракурора і складаньня адпаведнага пратаколу канфіскавалі падчас вобшуку асабістыя рэчы: тэхніку, розныя матэрыялы і грошы. Па звестках прэс-службы «Маладога Фронту», у лісьце за подпісам кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму Гайдукевіча паведамляецца, што заява разгледжаная, «у дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі Фрунзенкага РУУС г. Мінску парушэньняў не дапушчана».

 17 сакавіка пракуратура Першамайскага раёну Менску даслала адказ на скаргу аб супрацьпраўных дзеяньнях супрацоўнікаў Першамайскага РУУС пры затрыманьні і арышце напярэдадні “палітычнага” прызыву ў войска маладафронтаўца Зьміцера Федарука. Рашэньнем суду Цэнтральнага раёну ад 12 траўня 2008 году актывісту быў вынесены адміністратыўны арышт на тэрмін 10 сутак за ўдзел у першамайскай акцыі. Згодна з арт. 13.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, тэрміны прыцягненьня да выкананьня пакараньня па адміністратыўных справах – 3 месяцы. З.Федарук быў затрыманы для адбыцьця арышту праз 8 месяцаў -- 28 студзеня 2009 году, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Між тым, у афіцыйным лісьце за подпісам пракурора Першамайскага раёну А. Млявы, напісана: “Пры указаных абставінах істотных парушэньняў заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, з боку супрацоўнікаў Першамайскага РУУС не выяўлена”. Але ж далей паведамляецца, што “ў сувязі з дапушчанымі парушэньнямі патрабаваньняў арт. 13.6 ПІКаАП РБ пракуратурай раёну накіраваная інфармацыя начальніку Першамайскага РУУС для прыняцьця адпаведных мер, накіраваных на недапушчэньне падобных парушэньняў у далейшай рабоце.” Такім чынам з адказу вынікае, што нібыта парушэньні маюць месца, але яны неістотныя. Такое рэагаваньне раённай пракуратуры будзе абскарджана ў Мінскай гарадзкой пракуратуры, каб вінаватыя ў парушэньні заканадаўства былі пакараныя належным чынам.

 23 сакавіка Мінскі міжгарнізонны вайсковы суд адмовіўся прызнаць незаконнымі дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыву ў войска Франака Вячоркі. Кіраўнік Моладзі БНФ 16 студзеня быў гвалтоўна дастаўлены людзьмі ў цывільным з вайсковага шпіталю, дзе Ф.Вячорка праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, у ваенкамат. Тады суд прыпыніў справу. Аднак 30 студзеня на вуліцы міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным, схапілі яго ізноў, кінулі ў машыну, адвезьлі ў ваенкамат, а адтуль у кайданках даставілі ў Баранавіцкую вайсковую частку. Нягледзячы на тое, што судова-мэдычная эксьпертыза зафіксавала пабоі, а ў матэрыялах справы фігуруюць сьведчаньні аб зьбіцьці прызыўніка Ф.Вячоркі, які праз некалькі дзён пасьля прыняцьця прысягі трапіў у шпіталь з павышаным ціскам, суд адмовіў у задавальненьні скаргі. Між тым, вайсковы камісар Алег Загурскі падчас судовага паседжаньня падцьвердзіў, што тыя людзі, якія затрымлівалі моладзевага актывіста, працуюць у войску, але лічыць, што не яны зьбівалі хлопца і дзейнічалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

 

                    Парушэньні права на свабоду мірных сходаў

 

15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі сябры Моладзі БНФ у Віцебску правялі адмысловую акцыю, якая скончылася затрыманьнем моладзевага актывіста Кастуся Іванова. Як распавёў адзін з сябраў арганізацыі Сяржук Карповіч, моладзевыя актывісты хацелі звярнуць увагу грамадзтва на стаўленьне ў Беларусі да правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй. Падчас распаўсюду раздрукаваных артыкулаў Асноўнага закону краіны, міліцыянты схапілі К.Іванова і завезьлі ў Чыгуначны РАУС. Праз паўтары гадзіны пасьля складаньня пратаколу выняцьця Канстытуцыі актывіста адпусьцілі.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 

9 сакавіка судзьдзя Аксана Сарахман пакарала адміністратыўным штрафам у 20 базавых велічыняў баранавіцкага дэмакратычнага актывіста Рыгора Грыка за нібыта арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў, які стыхійна прайшоў 12 студзеня. На пачатку паседжаньня судзьдзя адмовіла ў задавальненьні хадайніцтва Р.Грыка аб допуску да справы яго прадстаўніка, юрыста Карнея Пятровіча, а таксама не дала магчымасьці абвінавачанаму папярэдне азнаёміцца са справай. Падчас судовых слуханьняў быў выяўлены шэраг парушэньняў з боку праваахоўных органаў. Адзначым, што Р.Грык балатаваўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты на восеньскіх парламенцкіх выбарах.

 

14 сакавіка два ўдзельнікі лютаўскага флэш-мобу ў Гомелі, прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы, даведаліся, што асуджаны за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Адпаведныя ўведамленьні Яўген Якавенка і Зьміцер Кутасаў атрымалі па пошце. Як распавёў журналістам Я.Якавенка, у судовай пастанове ўказана, што суд адбыўся яшчэ 4 сакавіка, і яго здзіўляе, чаму яму паведамілі пра гэта толькі праз 10 дзён. Актывіст мяркуе, што гэта было зроблена для таго, каб ня даць яму магчымасьці абскардзіць судовае рашэньне. Судзьдзя Цэнтральнага райсуду Гомелю пакарала актывістаў штрафамі: Я. Якавенку ў памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. руб.), а З.Кутасава – у памеры 30 б.в. (1 млн. 50 тыс. руб.). Раней за ўдзел у акцыі ў абарону беларускай мовы ўжо былі асуджаныя пяцёра ўдзельнікаў, сярод якіх 2 журналісты.

 

27 сакавіка суд пакараў віцебскіх дэмакратычных актывістаў за ўдзел у сакавіцкай акцыі Дзень Волі: сябра КХП-БНФ Сяргей Каваленка аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (700 тыс. руб.), Ігар Базараў і Валеры Аляксандраў – на 2 б.в.(70 тыс.руб.) кожны. У гэты дзень яны выйшлі на плошчу Свабоды з бел-чырвона-белымі сьцягамі. Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Казілавала прызнала іх вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянаванага шэсьця. С.Каваленку неаднойчы каралі за ўдзел у вулічных акцыях. І.Базараў і В.Аляксандраў аштрафаваныя ўпершыню.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

 

11 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненьні зыску сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб'яднаньня (СПГА) "Гарызанталь" да Міністэрства юстыцыі з нагоды адмовы ў рэгістрацыі. Гэта ўжо другая спроба абскардзіць рашэньне міністэрства аб адмове ў рэгістрацыі. Адзін з заснавальнікаў арганізацыі Валеры Ухналеў зазначыў, што актывісты арганізацыі маюць намер і надалей дамагацца афіцыйнай рэгістрацыі "Гарызанталі". З гэтай мэтай будзе праведзены трэці ўстаноўчы з'езд аб'яднаньня.

 

11 сакавіка на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з’явілася інфармацыя “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб'яднанзня "Наша Вясна". 19 сакавіка ў Вярхоўны Суд была пададзена скарга на рашэньне Мінюсту аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. 12 сакавіка Хельсінскія Камітэты Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Масквы і Беларусі, накіравалі сумесны зварот да беларускіх ўладаў з заклікам пераглядзець рашэньне па рэгістрацыі “Нашай Вясны”. Паводле Хельсінскіх Камітэтаў, прычыны нерэгістрацыі НДА, прадстаўленыя Міністэрствам юстыцыі, зьяўляюцца неабгрунтаванымі. Таксама ў звароце адзначана, што  “стварэньне свабодных умоваў для законнай дзейнасьці праваабарончых груп засьведчыла б, што Беларусь гатовая да стварэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці й канкрэтных крокаў, скіраваных на паляпшэньне сітуацыі з правамі чалавека”.

29 сакавіка на сядзібе Партыі БНФ у Менску адбыўся новы ўстаноўчы сход заснавальнікаў ГПА "Наша Вясна". На сходзе прысутнічалі праваабаронцы, юрысты, грамадзкія актывісты. Сузаснавальнікамі праваабарончай арганізацыі сталі 82 прадстаўнікі з ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Як заявіў абраны старшыня "Нашай Вясны" Алесь Бяляцкі, 3-я спроба рэгістрацыі стане апошняй.

 

23 сакавіка калегія па грамадзянскіх справах Менгарсуду не задаволіла скаргу Віктара Карнеенкі на адмову з боку МЗС аднавіць дзейнасьць "Грамадзянскіх ініцыятыў". Мінгарсуд без дадатковых тлумачэньняў пагадзіўся з рашэньнем суду Ленінскага раёну сталіцы, згодна з якім былы кіраўнік "Грамадзянскіх ініцыятыў" Віктар Карнеенка нібыта ня можа  выступаць у інтарэсах грамадзкага аб’яднаньня, паколькі не зьяўляецца старшынём арганізацыі пасьля яе ліквідацыі ў 2003 годзе. Між тым, менавіта МЗС забясьпечвае выкананьне на тэрыторыі Беларусі міжнародных законаў. Тры гады таму Камітэт ААН прапанаваў беларускаму ўраду аднавіць дзейнасьць НДА, якая была ліквідавана 6 год таму, і выплаціць кампенсацыі за яе закрыцьцё. Такім чынам, Мінгарсуд ня лічыць патрэбным выконваць рашэньне ААН.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 

17 сакавіка судзьдзя Ленінскага раёну Гародні Натальля Козел пакарала актывіста апазіцыйнага Cаюза палякаў у Беларусі, журналіста “Газеты Выборчай” Анджэя Пачобута адміністратыўным штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (525 тыс. руб.) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 17 студзеня. У гэты дзень некалькі соцень сяброў  Саюза палякаў прысутнічалі каля Дома польскага, дзе праходзіла паседжаньне Галоўнай рады праўладнага Саюзу палякаў, але нікога з сябраў непрызнанага саюзу супрацоўнікі міліцыі ў будынак не пусьцілі. Праз два з паловай месяцы ў дачыненьні да трох актывістаў – Мечыслава Яскевіча,  Ігара Банцара і  Анджэя Пачобута  былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы.

  1. Звальненьні і адлічэньні па палітычных матывах

 

25 сакавіка выкладчыцу філіі брытанскага адукацыйнага цэнтру «SOL Minsk» Марыянну Груздзіловіч нечакана звольнілі з працы. Прычынай такіх сьпешных дзеянняў працадаўцаў стаў сфабрыкаваны ліст ад бацькоў групы вучняў, у якім сказана, што выкладчыца займаецца прапагандай і агітуе за апазіцыю. Разам з тым, магчымасць сабараць подпісы пад лістом ад усёй групы бацькоў выглядае нерэальнай хаця б таму, што заняткі, на якіх настаўніца адрэагавала на рэпліку адной за навучэнак адносна сьвяткаваньня Дня Волі, скончыліся ў 21 гадзін, а ліст быў ужо дасланы з самага ранку. Ды і вучні, што прыходзяць на заняткі цэнтру, з розных школаў, і жывуць у розных месцах. Але, каб запэўніцца асабіста, Марыянна абзваніла іх бацькоў – ніхто нікому нават не тэлефанаваў і пра скаргу ніякіх размоваў не вялося. І толькі пасля ўсёй неабходнай працэдуры, у выніку якой Марыянна Груздзіловіч засталася без працы, яна даведалася, што бацька “пакрыўджанай” вучаніцы з’яўляецца палкоўнікам МУС.

Між тым пасьля ж распаўсюду інфармацыі аб звальненьні 31 сакавіка настаўніцу Мар’яну Груздзіловіч аднавілі на працы. Калі жанчына прыйшла за канчатковым разлікам і за працоўнай кніжкай, галоўны бухгалтар камерцыйнага адукацыйнага цэнтра азнаёміў яе з пастановай, паводле якой быў адменены папярэдні загад аб яе звальненьні. З кіраўніцтвам кампаніі жанчына яшчэ не размаўляла і не ведае, што стала галоўнай прычынай такога рашэння.

 У канцы сакавіка маладафронтаўцу Івану Шылу, гвалтоўна прызванаму ў войска, адмовілі ў магчымасьці даздаць школьны іспыт, каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі.  Пра гэта паведамілі ягонаму бацьку Уладзімеру Шылу у Генеральным штабе Узброеных сілаў Беларусі і вайсковай часткі, дзе сын праходзіць службу. Нагадаем, што выпускніка адлічылі са школы напярэдадні апошняга экзамену. Раней вайсковае кіраўніцтва абяцала адпусьціць у чэрвені хлопца на тры дні ў Салігорск. Аднак цяпер прадстаўнікі генштабу напісалі, што "прадставіць магчымасьць удзелу ў здачы іспытаў за курс сярэдняй школы на перыяд з 1 па 12 чэрвеня, вайскоўцу тэрміновай вайсковай службы радавому І. Шылу ў адпаведнасьці з заканадаўствам не прадстаўляецца магчымым." Вайсковую службу маладафронтавец праходзіць у Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці ў 29-й ракетна-зэнітнай брыгадзе. У частцы пасьля прыняцьця прысягі І.Шыла трапіў у шпіталь: хвароба на ангіну дала ўскладненьне – атыт.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства