У Гарадку шукаюць распаўсюднікаў артыкула Валерыя Шчукіна
Міліцыя раённага цэнтра Гарадок, што на Віцебшчыне, адрэагавала на заяву мясцовай жыхаркі, якая палічыла артыкул журналіста і праваабаронцы Валерыя Шчукіна «Вызывающее поведение» паклёпам на мясцовых міліцыянтаў.
Аркуш з артыкулам спадарыня Фядотава знайшла ў сваёй паштовай скрыні. Першым, каго яна абвінаваціла ў распаўсюдзе нібыта паклёпніцкіх звестак, стаў адзіны ў Гарадку сябар БАЖ, рэдактар і выдавец маланакладнага рэгіянальнага бюлетэня «Гасьцінец» Леанід Гаравы.
Як паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ сп. Гаравы, з нагоды скаргі ён ужо мусіў даваць тлумачэнні ўчастковаму міліцыянту.
«Я патлумачыў, што асабіста нічога не друкаваў і не распаўсюджваў, але разумею, чаму вакол артыкула Шчукіна такі ажыятаж. У сваёй саркастычнай манеры ён апісаў інцыдэнт з удзелам мясцовага жыхара, ветэрана працы Анатоля Палянскага, якога супрацоўнікі міліцыі затрымалі за адсутнасць флікера, потым абвінавацілі ў непадпарадкаванні і ўрэшце перадалі яго справу ў суд. Але суд прызнаў спадара Палянскага невінаватым, паказанні міліцыянтаў — непраўдзівымі, а складзеныя пратаколы — беспадстаўнымі», — кажа Л. Гаравы.
На думку журналіста і грамадскага актывіста, няма падставаў лічыць артыкул В. Шчукіна паклёпніцкім, бо ўсё напісанае там — праўда. А што да раздруковак журналісцкіх матэрыялаў і распаўсюду іх любымі шляхамі, якія не супярэчаць заканадаўству, дык кожны грамадзянін мае на гэта права, гарантаванае артыкулам 34 Канстытуцыі РБ.