У Мінску адбыўся другі этап II Агульнанацыянальнай дыктоўкі
15 саквіка больш за 100 чалавек рознага веку прынялі ўдзел у другім этапе II Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Мінску. Як паведаміў БелаПАН, дыктоўка ладзілася ў сталічных офісах Таварыства беларускай мовы і Беларускага ПЭН-цэнтра.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што сёлета ўпершыню пра Агульнанацыянальную дыктоўку напісалі дзяржаўныя газеты, у тым ліку і "Звязда" — орган Нацыянальнага сходу і Савета міністраў Беларусі.
Нагадаем, сёлета дыктоўка ладзіцца ў тры этапы: 21 лютага — у Міжнародны дзень роднай мовы; 15 сакавіка — у дзень прыняцця першай Канстытуцыі незалежнай Рэспублікі Беларусь, паводле якой беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай; 25 сакавіка — у дзень 91-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Па словах старшыні ТБМ, вынікі акцыі падводзяцца па рэгіёнах. Пераможцам уручаюцца прызы — кнігі народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.