Рада Эўропы “спрабуе зьмяніць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі”
Дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па Беларусі Азім Малазадэ заявіў у інтэрвію Свабодзе, што найлепшым крокам афіцыйнага Менску дзеля наладжаньня дыялёгу з Радай Эўропы было б вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.
Азім Малазадэ зьбірае інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі з усіх магчымых крыніцаў. Ён мае пастаянны кантакт з грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі, незалежнымі мэдыямі краіны. Усе факты парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі будуць прааналізаваны ў адмысловым дакладзе, які спадар Малазадэ мяркуе агучыць падчас восеньскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, на падкамітэце па Беларусі.
Азім Малазадэ разам з дакладчыкамі іншых міжнародных арганізацый возьме ўдзел у адмысловай канфэрэнцыі па беларускай праблематыцы, якую ініцыявала Парлямэнцкая Асамблея НАТО. На плянаванай канфэрэнцыі ў Вільні міжнародная супольнасьць абмяркуе шляхі выхаду зь цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.
Беларуская праблематыка застаецца пад пільнай увагай Рады Эўропы. Спэцдакладчык Азім Малазадэ лічыць неадкладнаю каардынацыю намаганьняў усіх міжнародных структураў і выкарыстаньне ўсіх міжнародных мэханізмаў дзеля ўплыву на афіцыйны Менск.
Пытаньне прыезду дакладчыка Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Азіма Малазадэ ў Беларусь пакуль ня вырашана. Над гэтай праблемай працуе апарат Рады Эўропы.
Спадар Малазадэ сказаў: “Беларусь ня мае ніякіх кантактаў зь міжнароднымі арганізацыямі. Быў забаронены прыезд у Беларусь дакладчыка ААН у правах чалавека, мела складанасьці дэлегацыя Эўразьвязу. Мы мяркуем, што дзеля таго, каб прыехаць і на месцы азнаёміцца з падзеямі, павінна быць нейкая перамена, нейкі крок да выпраўленьня сытуацыі з боку афіцыйнага Менску. Рада Эўропы магла б разглядаць як сур'ёзны крок амністыю й выхад на свабоду ўсіх палітзьняволеных. Гэта магло б быць вельмі важнай нагодай, каб Рада Эўропы актывізавала сваё супрацоўніцтва зь Беларусьсю. А потым можна паспрабаваць рухацца й у іншых кірунках”.