У абарону Анджэя Пачобута
Напярэдадні правядзення 7 з’езду непрызнанага беларускімі ўладамі звязу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі карэспандэнта “Газеты выборчай” Анджэя Пачобута.
Афіцыйнай падставай для пазбаўлення акрэдытацыі па словах прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў сталі чатыры артыкулы Анджэя Пачобута, надрукаваныя у “Газеце выборчай”. Публікацыі распавядалі пра прымусовую дактэласкапію мужчынскай часткі насельніцтва Рэспублікі Беларусь,выдаленне польскіх ксяндзоў і дыялог Лукашэнкі з Захадам.Паводле міністэрства замежных спраў, матэрыялы маюць тэндэнцыйны характар і абражаюць кіраўніка дзяржавы. Анджэй Пачобут лічыць, што пазбаўленню акрэдытацыі пасадзейнічала і яго апошняя публікацыя пра агента МГБ Савецкага Саюза “Бімбу” – ксяндза з Мосара Юозаса Бульку. Пазбаўленне акрэдытацыі журналіст звязвае як з агульнай сітуацыяй у краіне, так і з тымі падзеямі,што апошнім часам разгортваюцца вакол непрызнанага ўладамі звязу палякаў.
Рэдакцыя “Газеты выборчай” выступіла з заявай у абарону Анджэя Пачобута і заклікае еўрапейскіх палітыкаў , якія вядуць перамовы з Беларуссю, не забывацца пра свабоду слова, якая з’яўляецца адной з галоўных дэмакратычных каштоўнасцей.