Брэсцкі суд не адрэагаваў на дыскрымінацыю інвалідаў падчас пікетавання
Суддзя Ленінскага раённага суда Брэста Алена Дзенісенка адмовіла ў задавальненні скаргі правабаронцы Рамана Кісьляка і яшчэ трох заяўнікаў на рашэнне Брэсцкага гарвыканкама не дазволіць ім пікет у цэнтры горада.
Актывісты-дэмакраты аспрэчвалі довады ўладаў, якія прызначаюць толькі адно месца правядзення масавых мерапрыемстваў - стадыён “Лакаматыў”, які знаходзіцца на ўскраіне горада. Яны адзначылі, што іншыя грамадскія арганізацыі праводзяць кірмашы, масавыя гулянні, ускладанні кветак у цэнтры Брэста.
Заяўнік Валерый Фамінскі даводзіў таксама, што ягоны бацька - інвалід 1-й групы - не можа трапіць на аддалены стадыён для выказвання свайго меркавання. Паводле яго слоў, "гэта вялікая праблема, яна прыводзіць фактычна да дыскрымінацыі грамадзянаў, іхняга Канстытуцыйнага права на выражэнне меркавання публічна ў форме пікета".