Маладафронтавец Арцём Дубскі змешчаны ў следчы ізалятар у Асіповічах
Актывіст арганізацыі "Малады фронт" Арцём Дубскі змешчаны ў следчы ізалятар у Асіповічах. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі. На працягу трох дзён пракурор мусіць вырашыць, пакінуць Дубскага пад вартай або вызваліць пад падпіску аб нявыездзе.
Нагадаем, 3 сакавіка Асіповіцкі гарадскі суд спыніў крымінальную справу ў дачыненні да Арцёма Дубскага па абвінавачанні яго ў нанясенні маёмаснага ўрону ў сувязі з прымірэннем бакоў. Адразу пасля заканчэння судовага працэсу супрацоўнікі міліцыі даставілі Дубскага ў Асіповіцкі РАУС для афармлення дакументаў па другой справе.
Каля будынка РАУС прайшла акцыя маладзёжных актывістаў у падтрымку таварыша. Прыкладна 30 чалавек сталі ланцужком, у руках трымалі партрэты Дубскага, расцяжку "Свабоду Дубскаму!", бел-чырвона-белыя сцягі. Таксама яны скандавалі "Жыве Беларусь!" і "Свабоду Дубскаму!".
БелаПАН нагадвае, што Арцём Дубскі - адзін з фігурантаў "справы чатырнаццаці". Ён быў прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у студзені 2008 года. Малады чалавек быў зняты з цягніка 13 лютага ў Гомелі пры спробе перасячы беларуска-расійскую мяжу. Апошнія некалькі месяцаў Дубскі жыў ва Украіне. У кастрычніку 2008 года ён звярнуўся да ўладаў гэтай краіны з просьбай даць яму палітычны прытулак, аднак потым адклікаў сваю просьбу.