Алег Гулак выказаў сваё спадзяванне наконт рэгістрацыі “Нашай Вясны”
Старшыня РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак падтрымаў спробу калегаў-праваабаронцаў зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне “Наша Вясна”:
“На сённяшні дзень рэгістрацыя “Нашай Вясны” – пытанне знакавае. Ад гэтага шмат у чым залежаць ацэнкі таго, рэальна ідзе лібералізацыя ў краіне, ці гэта толькі словы.
На маю думку, “Наша Вясна” і іншыя падобныя арганізацыі, як то “Асамблея”, павінны быць зарэгістраваныя. Бо ў юрыстаў гэтых арганізацыяў дастаткова ведаў і ўменняў, каб правільна падрыхтаваць дакументы, і гэта рэальныя арганізацыі, у якіх ёсць рэальныя актывісты і прыхільнікі, што бяруць удзел у іх працы. Тыя адмовы ў рэгістрацыі, якія мы бачылі дагэтуль, выглядаюць вельмі нацягнутымі. І з іх было відавочнае жаданне - проста не рэгістраваць.
На маю думку, праз прызму рэгістрацыі ці нерэгістрацыі мы можам глядзець, ці ёсць зрухі у лепшы бок. Канешне, я спадзяюся, што мы пабачым станоўчае рашэнне Мінюста на гэты конт”.