viasna on patreon

Прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў салідарныя з палякамі

2005 2005-08-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Захоп будынку Саюзу палякаў, ціск на лідэраў арганізацыі, арышты яе актывістаў выклікалі занепакоенасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасьцяў Беларусі.
6 ліпеня ў Менску адбылася канферэнцыя па праблемам нацыянальных меншасьцяў і рэлігійных канфесіяў у Беларусі, адно з пытаньняў якой было прысьвечана польскаму канфлікту. Напярэдадні канферэнцыі на радыё Свабода адбылася гутарка на гэтую тэму.
Адзін зь лідэраў габрэйскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Якаў Басін, гаворачы пра салідарнасьць з Саюзам палякаў, выказаў меркаваньне, што ўлада хоча праз гэты канфлікт кансалідаваць сваіх прыхільнікаў. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, пры міжнароднай ізаляцыі краіны, гэта вельмі небясьпечна для грамадзкага міру, перакананы Якаў Басін: “Мне падаецца, што сёньня гэта — нацыянальная трагедыя, таму што на тле ўсеагульнай русыфікацыі, якая цяпер ідзе ў дзяржаве, гэта сьведчыць аб яшчэ адной спробе гвалтоўнай асыміляцыі асобнага народу. Сілавыя спробы вырашыць пытаньне — амаральныя. Я на сваім габрэйскім народзе гэта ведаю, вывучаючы ягоную гісторыю. Спроба сілавога вырашэньня габрэйскага пытаньня прывяла да шматлікіх трагедыяў, уключна з галакостам”.
Кіраўнік Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў “Ватра” Віктар Гутоўскі сьведчыць пра тое, што асаблівай падтрымкі ад дзяржавы ня мае і ягоная дыяспара, а разьвіцьцё падзеяў вакол Саюзу палякаў і арышты лідэраў СПБ асабліва бянтэжаць украінцаў.
Прадстаўнік цыганскай дыяспары Мікола Калінін, які асабіста знаёмы з Анжалікай Борыс і лічыць яе мужнай жанчынай, выказаў салідарнасьць з палякамі. Адносіны ўлады да СПБ спадар Калінін назваў тыповым прыкладам парушэньня правоў чалавека і недэмакратычнасьці ўлады ў Беларусі, якая хоча кантраляваць у краіне ўсё.
Між тым, кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Станіслаў Буко на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што ў Беларусі ўсе нацыянальныя меншасьці роўныя перад законам і маюць права на абарону сваіх правоў і інтарэсаў, і што ўсе аб’яднаньні нацменшасьцяў атрымліваюць матэрыяльную дапамогу дзяржавы. За 2004-2005 гады такой дапамогі ім было аказана на 25 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства