viasna on patreon

Рэгістрацыя “Нашай Вясны” – праверка беларускіх уладаў да гатоўнасці праводзіць сістэмныя змены, скіраваныя на далейшую лібералізацыю ў краіне

2009 2009-01-26T15:39:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rada-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 студзеня 2009 года ў Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя дакументы для рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, большасць заснавальнікаў якога -- сябры ліквідаванага ўладамі Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.


Рашэнне Вярхоўнага суда ад 28 кастрычніка 2003 году аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна” сябры арганізацыі лічылі і лічаць парушэннем свабоды асацыяцыяў, гарантаванай Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека. 24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН зрабіў выснову, што сваімі дзеяннямі па ліквідацыі “Вясны” беларуская дзяржава парушыла п.1 арт. 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У сваім рашэнні Камітэт пацвердзіў права сяброў “Вясны” на адпаведныя сродкі прававой абароны, уключаючы перарэгістрацыю арганізацыі і кампенсацыю, а таксама абавязаў беларускую дзяржаву прыняць меры па прадухіленні здзяйснення падобных парушэнняў.

Абапіраючыся на рашэнне Камітэту ААН, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” заявілі, што кампенсацыяй парушаных правоў будуць лічыць рэгістрацыю аб’яднання, і ў жніўні 2007 года прадпрынялі спробу зарэгістраваць Грамадскае праваабарончае аб’яднанне “Вясна”. Аднак органы дзяржаўнай улады Беларусі не толькі не выправілі свае памылкі, але і цалкам праігнаравалі меркаванне аўтарытэтнага міжнароднага органа, чарговы раз прадэманстраваўшы непавагу да правоў грамадзянаў краіны і ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў. Міністэрства юстыцыі, а затым і Вярхоўны суд адмовілі праваабаронцам у праве стварыць асацыяцыю па надуманых і неабгрунтаваных падставах.


Падаючы зараз дакументы ў Міністэрства юстыцыі, заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” заклікаюць улады Рэспублікі Беларусь выконваць канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны, а таксама свае міжнародныя абавязацельствы.


У выпадку адмовы ў рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” па надуманых, неабгрунтаваных прычынах заснавльнікі аб’яднання будуць расцэньваць гэта як праяву сістэматычнай дыскрымінацыі па палітычных матывах і негатоўнасць Рэспублікі Беларусь праводзіць сістэмныя змены, скіраваныя на далейшую лібералізацыю ў краіне, у тым ліку ў сферы свабоды асацыяцыяў.


Заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”:

Алесь  Бяляцкі,

Валянцін Стэфановіч, 

Уладзімер Лабковіч,

Тацяна Рэвяка. 

Мінск, 26 студзеня 2009 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства