Менскі АМОН перашкодзіў правесьці 1 жніўня на Кастрычніцкай плошчы акцыю салідарнасьці са Святланай Завадзкай
На заклік лідэраў партыяў дэмакратычнай апазыцыі праявіць салідарнасьць са Сьвятланай Завадзкай, зьбітай тры тыдні таму міліцыянтам, на менскую Кастрычніцкую плошчу 1 жніўня выйшлі больш за 30 чалавек, паведаміла радыё Свабода. Трымаючы ў руках партрэты яе мужа Зьмітра Завадзкага, удзельнікі акцыі расьцягнуліся уздоўж плошчы.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падарыў Святлане Завадзкай вялікую чырвоную ружу, яна ў сваю чаргу падзякавала ўсім, хто прыйшоў выказаць зь ёй сваю салідарнасьць.
Тым часам удзельнікаў акцыі атачыў аддзел АМОНу і пачаў выціскаць з плошчы. Афіцэр, які кіраваў гэтай апэрацыяй, загадаў сваім падначаленым паводзіць сябе вельмі карэктна. Удзельнікаў акцыі, сярод якіх былі актывісты партыі БНФ на чале зь яе лідэрам Вінцуком Вячоркам, прадстаўнікі АГП, "Маладога фронту", руху "Зубр" ды іншых арганізацыяў амонаўцы выціснулі на вуліцу Няміга і там пакінулі. Анатоля Лябедзьку некалькі агентаў у цывільным суправаджалі да самай ягонай машыны.