viasna on patreon

Зінаіда Ганчар: “Змена следчага ў справе знікнення мужа не дае ніякіх вынікаў, бо ніякай канкрэтнай працы не вядзецца”

2009 2009-01-14T18:33:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hanczar_zinaida.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
фота Bymedia.net

фота Bymedia.net

Зінаіда Ганчар, жонка выкрадзенага віцэ-спікера Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Віктара Ганчара, атрымала ліст з пракуратуры г.Менска з паведамленнем пра тое, што следства па справе яе мужа падоўжана да 24 сакавіка 2009 г. і справу будзе весці новы следчы - Ю.В. Вараўка. Спадарыня Ганчар, натуральна, захацела сустрэцца з новым следчым і 12 студзеня патэлефанавала яму з такой прапановаю. Ю.В. Вараўка адказаў ёй, што для сустрэчы няма ніякіх падставаў. Праўда, ён прапанаваў зрабіць усё афіцыйна – напісаць хадайніцтва з абгрунтаваннем неабходнасці сустрэчы, а пракуратура ўжо будзе вырашаць, трэба сустракацца ці не.


- Мяне ўвогуле вельмі здзівіла, што ізноў змяніўся следчы. Ім зараз прызначаны Юры Валер’евіч Вараўка. Гэта ўжо чацверты следчы за амаль што 10 год расследвання і я ўжо не ведаю, які па ліку ліст аб тым, што следства па справе майго мужа падоўжана, - распавядае Зінаіда Ганчар. – Я ўвесь час здзіўляюся прыпісцы "Аб выніках расследавання вам будзе паведамлена дадаткова". На справе ж нічога падобнага не адбываецца. Я ўвесь час дамагаюся размовы з супрацоўнікамі пракуратуры. Так, папярэднік Вараўкі Кухаронак так са мной і не сустрэўся, хаця яму неаднаразова дасылаліся лісты з просьбаю паведаміць хоць нейкую інфармацыю пра папярэднія вынікі расследавання. Тым больш, я як пацярпелая маю права на азнаямленне з прамежкавымі пастановамі, згодна з якімі следства падаўжаецца, з тым, каб ведаць хаця б, хто быў дапытаны па справе. І калі ў мяне ёсць нейкія сумневы ці дадатковая інфармацыя, я магу папрасіць дапытаць іншых асобаў. Тым не менш, Кухаронак адмаўляўся ад сустрэчы са мной.


Родныя Віктара Ганчара ўжо не вераць у тое, што чарговая змена следчага можа даць нейкі плён.


- Я бачу, што змена следчага не дае ніякіх вынікаў. Гэта ўсе маладыя людзі. І, натуральна, у мяне ўжо ўзнікаюць сумневы наконт таго, ці здольныя яны раскрыць гэтае злачынства.

Хаця, мне здаецца, што і вышэйшыя службовыя асобы не знаёміліся са справай. Я маю на ўвазе былога генпракурора Пятра Міклашэвіча. Сведчаннем таму – яго словы, сказаныя 16 студзеня мінулага году падчас адной з прэс-канферэнцыяў, дзе прагучала пытанне аб зніклых людзях. Ён адказаў, што да гэтага часу аб’ектыўнай інфармацыі, якая пацвярджала б факты іх знікнення, у следчых органаў няма. У мяне тады ўзнікла пытанне – ці знаёміўся ён са справай? Бо выразна было паказана, што людзі бясследна зніклі, што знойдзеныя сляды крыві, а ён заяўляе такое… Хаця праз паўгады, канешне, Рыгор Васілевіч “падправіў” словы былога генпракурора і сказаў, што пытанне гэтае застаецца адным з галоўных, следства працягваецца. Але я бачу па адпісках, што ніякай канкрэтнай працы не вядзецца. Больш таго, мяне абурае той факт, што сваякоў яны нават не лічаць патрэбным азнаёміць з хоць нейкімі вынікамі расследавання. За 10 гадоў мы не мелі магчымасці атрымаць ніякай інфармацыі. Адзінае - пастанова Чумачэнкі, якая, у прынцыпе, яшчэ раз пацвердзіла, што да спраў аб знікненні датычныя вышэйшыя службовыя асобы.


Нагадаем, 16 верасня 1999 года былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага выкралі невядомыя асобы. На месцы здарэння следчыя пракуратуры знайшлі плямы крыві. Судмедэксперты далі заключэнне, што гэта кроў Віктара Ганчара. Расследаванне дадзенай крымінальнай справы неаднаразова прыпынялася, нягледзячы на заявы былых службовых асобаў аб датычнасці да справы выкрадання апазыцыйных палітыкаў некаторых асобаў з атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства