Грамадзкасьць распрацуе Закон аб беларускай мове
У Беларусі сасьпела неабходнасьць прыняцьця Закона аб беларускай мове, у іншым выпадку мове тытульнае нацыі пагражае поўны заняпад. Гэтай праблеме быў прысьвечаны “круглы стол”, які днямі адбыўся ў сядзібе Беларускага народнага фронту і ў якім узялі ўдзел прадстаўнікі розных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.
Згодна з дадзенымі перапісу насельніцтва 1999 году на беларускай мове штодня размаўляюць 37 адсоткаў жыхароў Беларусі. Кандыдат філялягічных навук Сяргей Запрудскі мяркуе, што сукупная колькасьць носьбітаў беларускай мовы ў яе стандартызаванай і дыялектнай формах, а таксама тых, хто выкарыстоўвае зьмешаныя варыянты маўленьня на беларускай аснове, сягае 7- 8 мільёнаў чалавек, што складае 70 - 80 адсоткаў насельніцтва Беларусі. Падчас таго ж перапісу 74 адсоткі грамадзянаў Беларусі прызналі беларускую мову сваёй роднай.
У 1990 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб мовах, у абмеркаваньні якога ўдзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек. У прэамбуле гэтага дакумэнта адзначалася, што "пад пагрозай апынулася само існаваньне" беларускай мовы. Згодна з артыкулам 2 Закона беларуская мова была прызнаная дзяржаўнай. Пасьля прыняцьця ўвосень 1990 году дзяржаўнай праграмы разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у БССР Закон аб мовах пачынаў паступова выконвацца. Статус беларускай мовы быў пацьверджаны і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, руская мова вызначалася ў ёй як "мова міжнацыянальных зносінаў". Прынятыя акты практычна не пагоршылі веданьня рускай мовы ў Беларусі. У той жа час за кошт далучэньня да беларускай мовы ў Беларусі значна павялічылася колькасьць дзьвюхмоўных людзей.
Ганебны рэфэрэндум
Аднак пасьля ініцыяванага прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндума ў траўні 1995 году рускай мове быў нададзены роўны статус зь беларускай, і сытуацыя пачала мяняцца ў горшы для мовы тытульнае нацыі бок. Дарэчы, сам прэзыдэнт, кольвеч выступаючы ў Гомелі перад дэпутатамі мясцовага савета, заявіў, што "беларуская мова бедная, і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае". Гэтае выказваньне кіраўніка дзяржавы прадэманстарвала самрэчнае стаўленьне ўлады да беларускай мовы.
Людзі ж ў бальшыні ўсьведамляюць беларускую мову як родную, але ж побытава ўжываюць пераважна мову суседняй дзяржавы.
Як адзначае філёляг Вінцук Вячорка, у міжнароднай супольнасьці існуюць дакумэнты, якія абараняюць так званыя малыя мовы, не даючы ім зьнікнуць. Паводле словаў першага намесьніка старшыні Партыі БНФ, ва Ўсеагульнай дэклярацыі лінгвістычных правоў, якая была ўхваленая групай міжнародных арагнізацыяў і грамадзкіх структураў у 1996 годзе, ёсьць пункт 2 артыкула 8 – “Кожная моўная супольнасьць мае права валодаць любымі сродкамі, неабходнымі дзеля забесьпячэньня пераемнасьці сваёй мовы і яе перадачы ў будучыню”.
Па словах экспэрта, сёньня краіна жыве ў кантэксце дзейнага Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”. “Трэба прызнаць, што сёньня ён не ўтрымлівае ніякіх рэальных гарантыяў зьберажэньня беларускае мовы і яе канкурэнтаздольнасьці і яе поўнай функцыянальнасьці”, - сказаў Вінцук Вячорка.
Камень у гарод апазыцыі
Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў зьвярнуў увагу на тое, што кепскі прыклад ігнараваньня роднай мовы часьцяком падаюць і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. "Вельмі важна нам на ўсіх мерапрыемствах перш на перш зьвяртацца да сваёй так званай апазыцыі, каб яна кінула гэтую кульню ў “расейшчыну”, – сказаў кіраўнікт ТБМ. - Успомнім апошнія выбары: большасьць прадстаўнікоў апазыцыі выступала па-расейску”.
Спадар Трусаў заклікаў кіраўнікоў Аб’яднаных дэмактарычных сілаў карыстацца толькі беларускай мовай, тое ж тычыцца і некаторых недзяржаўных друкаваных выданьняў, якія часта карыстаюцца дзьвюхмоўем.
“Цяжка мяняць Закон аб мовах, бо для многіх гэта зручна, была звычайная лянота, і ня столькі ў нас было праціўнікаў беларускай мовы, колькі лянівых людзей, каб не вучыць яе, - заўважыў лінгвіст і перакладчык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі, які быў суаўтарам дзясяткаў прынятых парлямэнтам законапраектаў. Зь яго меркавання, калі новы закон добра і прафэсійна распрацаваць, то вакол гэтага можна аб’яднаць намаганьні розных беларускіх арганізацыяў, можна ажывіць тое, што было выхалашчана так званым рэфэрэндумам. “Заканадаўства гэта ня верш, тут ня трэба быць арыгінальным у пляне нейкіх надзвычайных фармулёвак, тут лепш сабраць тыя, якія ёсьць”, - лічыць старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.
Чатыры чыньнікі беларускае мовы
Паводле Вінцука Вячоркі, беларуская мова ў новым законапраекце мае разглядецца як “нематэрыяльная культурная каштоўнасьць, фактар нацыянальнай бясьпекі краіны, гарантыя гістарычнай і этнакультурнай пэрспэктывы беларускай нацыі і як чыньнік кансалідацыі беларускай дыяспары”.
Удзельнікі дыскусіі, якая адбылася ў сядзібе Беларускага народнага фронту, прапанавалі Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту і беларускаму адзьдзяленьню Фонду ААН у галіне народанасельніцтва правесьці сумесны “круглы стол” і па моўных праблемах перапісу насельніцтва, які мае адбыцца ў 2009 годзе.
Пра стварэньне Грамадзкай групы маніторынгу падрыхтоўкі і правядзеньня моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 г.
1. Мэта Грамадзкай групы маніторынгу – забясьпечыць улік меркаваньняў профільных грамадзкіх арганізацыяў, навуковай і грамадзянскай супольнасьці пры падрыхтоўцы і правядзеньні моўнай часткі перапісу 2009 г.
2. Грамадзкая група маніторынгу лічыць неабходным:
- уключыць у працоўныя групы правядзеньня перапісу прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных сацыялягічных службаў;
- правесьці шырокае грамадзкае абмеркаваньне пытаньняў перапісу 2009 г.;
- захаваць у перапісным лісьце пытаньне пра родную мову рэспандэнта з захаваньнем права самавызначэньня ў гэтым пытаньні;
- пашырыць і суаднесьці зь беларускай мовай сьпіс факталягічных пытаньняў моўнай часткі, дадаўшы пытаньні пра ступень актыўнага ці пасіўнага валоданьня беларускай мовай, у тым ліку яе мясцовымі дыялектамі;
- падрыхтаваць для перапісьнікаў інструкцыю адэкватных моўных паводзінаў, каб выключыць успрыняцьцё рэспандэнтам статусу беларускай мовы як другаснай у параўнаньні з рускай.
3. Грамадзкая група маніторынгу прапануе Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту Рэспублікі Беларусі і аддзяленьню ЮНФПА (Фонду ААН у галіне народанасельніцтва) у Беларусі правесьці супольны круглы стол, прысьвечаны моўнаму блёку перапісу 2009 г.