Правакацыя супраць Салаша і Букаса
Маці лідэра барысаўскай суполкі Партыі БНФ Сяргея Салаша Людміла Васільеўна атрымала ліст з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю райвыканкаму, з якога даведалася, што разам з галоўнымі рэдактарам незалежнага тыднёвіка «Борисовские новости» Анатолем Букасам і яшчэ пяццю грамадзянамі падпісала нейкі антыкарупцыйны зварот.
Зварот накіраваны супраць работніка мясцовага дзяржкамітэту Аўраменкі і прадпрымальніка Рыбкіна. Нібыта справа супраць іх ужо заведзеная.
Анатоль Букас з уласнай ініцыятывы ўжо наведаў КДБ, дзе засведчыў, што ягоны подпіс фальшывы.
Сяргей Салаш кажа, што яго маці ніколі не падпісвала падобных дакументаў, а з усіх падпісантаў завочна ведае толькі Анатоля Букаса.
«Перакананы, што гэта правакацыя супраць мяне. Ці то мяне хочуць пасварыць з некім з дзяржкантролю, ці з прадпрымальнікамі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі гэтую справу маглі справакаваць людзі з гарадской улады», — кажа С.Салаш.
Гэта ўжо не першая сёлета правакацыя супраць палітыка. Раней накладаўся арышт на кватэру яго бацькоў.