viasna on patreon

Дзень памяці правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў 7 ліпеня. Мерапрыемства было прымеркаванае да 5-х угодкаў знікнення аператара ОРТ, сябра БАЖ Змітра Завадскага, таксама прысутныя ўзгадвалі жорcтка забітую ў кастрычніку 2004 года журналістку гаеты “Салідарнасць” Вераніку Чаркасаву.

2005 2005-07-08T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

А 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску мусіла адбыцца мірная акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, але амапаўцы разагналі людзей. Пры гэтым моцны ўдар у твар атрымала жонка зніклага тэлеаператара Святлана Завадская.

Каля сарака журналістаў сабраліся 7 ліпеня ва ўрочышчы Курапаты, каб адзначыць 5-ю гадавіну трагічнага знікнення сябра ГА ”Беларуская асацыяцыя журналістаў”, аператара расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрыя Завадскага, і ўшанаваць памяць жорстка забітай 20-га кастрычніка мінулага году журналісткі газеты “Салідарнасць” Веранікі Чаркасавай. На Дні памяці прысутнічалі як калегі Веранікі і Дзмітрыя, гэтак і іх блізкія. Прысутныя трымалі свечкі і партрэты Чаркасавай і Завадскага. Паводле словаў намесніка старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Эдуарда Мельнікава, месца правядзення мерапрыемства абраны невыпадкова, бо “забойствы і знікненні журналістаў, проста людзей з’яўляюцца прыкметамі ўсіх таталітарных грамадстваў, і сведчанне таму – Курапаты ”.

“Курапаты – гэта зямля, на якой здзяйсняліся самыя страшныя злачынствы сталінскага рэжыму, гэта тая зямля, якая цалкам абрала ў сябе людскі боль. Наш боль – боль журналістаў і блізкіх – гэта лёс Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай”, – адзначыла старшыня БАЖ Жанна Літвіна. “Сёння, у пятую гадавіну знікнення Дзмітрыя Завадскага, у нас адно патрабаванне да ўладаў – даць адказ: дзе Дзіма, дзе тыя злачынцы, якія здзейснілі выкраданне нашага калегі? Разам з уплывовай міжнароднай арганізацыяй “Рэпарцёры без межаў” мы накіравалі беларускаму кіраўніцтву чарговы запыт з патрабаваннямі даць адказ на гэтыя пытанні”, – паведаміла старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Маці Веранікі Чаркасавай і Дзмітрыя Завадскага выказалі ўдзячнасць калегам сваіх дзяцей за тое, што не забываюцца на Дзмітрыя і Вераніку. “Дзякуючы вам улады не застаюцца ў спакоі, нервуюцца, вы не даяце ім забыцца пра лёс Дзімы і пра сваю адказнасць за тое, што здарылася”, – сказала маці Завадскага Вольга Рыгораўна. “Сёння такія мерапрыемствы адбываюцца не толькі тут, але і ў многіх еўрапейскіх сталіцах. Нават у Маскве сёння Павал Шарамет выступае на канферэнцыі, прысвечанай забітым расійскім журналістам, але і там ён будзе казаць пра Дзіму”, – паведаміла жонка зніклага тэлеаператара Святлана Завадская.

Прадстаўнік сям’і Завадскіх у судах – намеснік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла адзначыў, што “ўсе верагодныя на сёння законныя магчымасці для раскрыцця справы Завадскага тут, у Беларусі, цалкам вычарпаныя. Таму мы будзем выкарыстоўваць магчымасці замежных судоў, якія маюць права займацца падобнымі справамі. Менавіта таму ўлады так баяцца таго, што мы не забываемся пра лёс Завадскага”, – падкрэсліў вядомы юрыст.

Галоўны рэдактар газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч выказаў упэўненасць, што прычыны і абставіны забойства Веранікі Чаркасавай, як і знікнення Дзмітрыя Завадскага калі-небудзь стануць вядомыя. “Мы сёння жывем у цемрашальскі, вельмі складаны час, але ён не будзе доўжыцца век”, – сказаў журналіст.

“Мы слабыя людзі, але і моцныя людзі. Тыя, хто здзейсніў злачынствы ў дачыненні Веранікі Чаркасавай і Дзмітрыя Завадскага – таксама слабыя людзі. Розніца ў тым, што адны застануцца ў памяці, а іншыя будуць праклятыя”, – рэзюмавала намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Тацяна Мельнічук.

Пасля кароткіх выступаў прысутныя паставілі свечкі да Вялікага Курапацкага крыжа. Дарэчы, мерапрыемства праходзіла пад пільным наглядам невядомых асобаў у цывільным і некалькіх міліцыянтаў у форме.

А 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Мінска мусіў адбыцца “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысвечаны 5-й гадавіне трагічнага знікнення Змітра Завадскага. Але не паспелі людзі стаць на плошчы і разгарнуць плакаты з выяваю зніклага журналіста, як з’явіліся амапаўцы й пачалі, па сумнай трыдыцыі, адцясняць грамадзян у бок Свіслачы. Здаравенныя міліцыянты штурхалі жанчын, адбіралі й рвалі партрэты Завадскага. А жонка Змітра Святлана, якая йшла побач з сынам Юрыем, атрымала моцны ўдар кулаком у твар. Амапаўцы адціснулі людзей да вуліцы Няміга, пасля чаго пакінулі іх у спакоі.

Геанадзь Кесьнер (www.Euramost.org)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства