На весь Магілёў роднае слова вывучаюць усяго шэсць малых
Колькасць дзетак у адзінай у Магілёве беларускамоўнай садковай групе магла быць значна большай, аднак гэтаму замінаюць улады.
Такой думкі прытрымліваецца адзін з яе стваральнікаў Зміцер Салаўёў.
– Справа ў тым, – гаворыць Зміцер, – што не так даўно мне тэлефанаваў адзін з бацькоў, які жадаў аддаць сваё дзіця ў гэтую групу і распавёў сітуацыю, з якой ён сутыкнуўся. Калі прыйшоў у гарана, то чыноўнікі сказалі яму, што падаваць заяву ў гэтую групу не трэба, бо, магчыма, яе хутка ўжо не будзе. Я падазраю, што тыя, хто звяртаўся не напрамую да загадчыцы дзіцячага садка, ці да нас – не трапілі ў гэтую групу.
Зміцер Салаўёў адзначае, што сёлета была ініцыятыва з боку кіраўніка гарана спадара Гапеева зачыніць яе.
– Калі я дазнаўся пра гэта, – працягвае Зміцер, – то сказаў, што мы будзем адстойваць свае правы праз суд, і па закону яны не маюць права такога рабіць. Я хацеў бы выказаць падзяку загадчыцы садка, якая стаіць на баку беларускамоўных бацькоў. Яна ад гэтай групы мае галаўны боль, але дапамагае нам.
Трэба адзначыць, што беларускамоўная група шырока рэкламавалася ў магілёўскіх сродках масавай інфармацыі. Абвесткі развешваліся ва ўсіх тралейбусах горада, але колькасць дзетак, якія яе наведваюць, цяпер складае ўсяго шэсць чалавек.