Пагалоўная дактыласкапія ўсіх беларусаў?
З усіх рэгіёнаў Беларусі да праваабаронцаў даходзіць інфармацыя, што праваахоўныя органы пад шыльдаю пошуку злачынцы, які зьдзейсьніў выбух у Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня, займаюцца пагалоўнай дактыласкапіяй мужчын. Пры чым, супрацоўнікі міліцыі ўступілі ў хаўрус з мясцовымі ваенкаматамі і паставілі гэтую справу на канвеер.
Тэхналогія простая: мужчына атрымлівае позву ў ваенкамат нібыта для зьверкі дадзеных, а там яго чакае прадстаўнік раённага альбо гарадскога упраўленьня міліцыі і прапаноўвае здаць адбіткі пальцаў. Большасьць адразу пагаджаецца, паколькі людзі ня ведаюць аб тым, што маюць права адмовіцца ад гэтай зневажальнай працэдуры.
У апошні час даходзіць да абсурду. Адбіткі пальцаў пачалі браць у вяскоўцаў, як гэта адбываецца гэтымі днямі ў Дубровенскім раёне. А ў Воршы ў ваенкамаце нават утварыліся чэргі – такім чынам праваахоўныя органы спрабуюць адшукаць злачынцу.
Такія непапулярныя метады, калі тысячам беларусаў прапануць прайсці дактыласкапічную працэдуру, сведчаць толькі аб тым, што следства па справе вубуху ў Менску верагодна заходзіць у тупік.