Магілёў: Сябра акруговай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол
Сябра акруговай выбарчай камісіі №86, старшыня магілёўскай абласной арганізацыі ПКБ Валеры Беразіенка адмовіўся падпісваць выніковы пратакол паседжання акруговай выбарчай камісіі №86. Сваё рашэнне спадар Беразіенка матываваў тым, што яму не далі праверыць дакументы і пратаколы ўчастковай выбарчай камісіі , дзе прысутнічаў у якасці назіральніка член яго партыі.
Валеры Беразіенка таксама запытаў у старшыні камісіі спадарыні Магдэнка, чаму не разглядаліся скаргі, якія паступалі ў акруговаю выбарчаю камісію, на што спадарыня Магдэнка адказала, што яна сама адказвала на паступіўшыя заявы.
На гэты адказ прысутныя адрэагавалі вельмі супярэчліва, у тым ліку міжнародныя назіральнікі.
“Старшыня камісіі спадарыня Магдэнка, - гаворыць назіральнік у акруговай камісіі Барыс Бухель, - выразіла поўную непавагу як да сяброў сваёй акруговай камісіі, так і для міжнародных і мясцовых назіральнікаў, якія прыйшлі, каб паназіраць за выніковым паседжаннем. Памяшканне, дзе праходзіла паседжанне, было вельмі маленькім, і сядзець у ім маглі толькі некалькі чалавек. Астатнія сябры камісіі і назіральнікі мусілі стоячы сачыць за тым, што адбывалася”.
Барыс Бухель адзначае, што толькі тры сябры камісіі ўдзельнічалі ў працы. Усе астатнія стаялі і сачылі за працай сваіх калег. Гэта адзначылі і міжнародныя назіральнікі.
Праз некаторы час праваабаронца Барыс Бухель быў выдалены з паседжання камісіі нібыта за перыядычнае ўмяшальніцтва ў яе працу.
“Я задаваў сябрам камісіі розныя пытанні: чаму працуюць толькі тры сябры камісіі, чаму дадзеныя назіральнікаў не сходзяцца з афіцыйнымі лічбамі, чаму сябры камісіі не прадстаўляюцца і г.д. Яны палічылі, што я ім перашкаджаю працаваць і выдалілі мяне з памяшкання”, - гаворыць Барыс Бухель.
Валеры Беразіенка рыхтуе скаргі ў Цэнтрвыбаркам з нагоды парушэнняў, якія мелі месца падчас працы акруговай выбарчай камісіі №86.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”