viasna on patreon

АБСЕ не прызнала парламенцкія выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі

2008 2008-09-29T16:20:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Выбары ў Беларусі не могуць быць прызнаныя АБСЕ цалкам свабоднымі і дэмакратычнымі, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік назіральніцкай місіі БДІПЧ АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі віцэ-прэзідэнт ПА АБСЕ Анн-Мары Лізэн.

"Адбыліся паляпшэнні працэдуры выбараў. Было зроблена некалькі зрухаў наперад, але выбары не змаглі адпавядаць цалкам абавязальніцтвам АБСЕ", заявіла яна. Па словах намкіраўніка ПА АБСЕ, "калі Беларусь жадае ў будучыні праводзіць цалкам дэмакратычныя выбары, трэба цалкам выконваць патрабаванні АБСЕ".

Яна лічыць, што "сігналы добрай волі не былі перададзеныя або атрыманыя карэктна. Не змагло матэрыялізавацца на практыцы жаданне правесці цалкам дэмакратычныя выбары".

Па ацэнцы АБСЕ, "дрэнны або нездавальняльны працэс падліку галасоў у 50% выпадкаў. Траціна назіральнікаў гаварылі аб тым, што ім не быў прадстаўлены допуск да назірання, 40% назіральнікаў гаварылі, што ў іх не было магчымасці ў поўнай меры ацэньваць працэс падліку. Вельмі нізкі ўзровень бачнасці выбарчай кампаніі".

Кіраўнік дэлегацыі ПА АБСЕ не выключае, што ЕС можа прыняць іншае рашэнне ў адносінах да беларускіх выбараў, чым АБСЕ.

"Мы рэалізуем асобны аспект міжнародных адносін АБСЕ. ЕС зацікаўлены ў іншым аспекце", сказала яна. Па словах намкіраўніка ПА АБСЕ, "калі ЕС жадае будаваць адносіны на пазітыўных выніках, яны могуць гэта зрабіць, бо пазітыўныя змены ёсць, але мы падкрэсліваем, што не ўсё зроблена".

Па яе меркаванні, "важна вызначыць, што мы возьмем за аснову - пазітыўныя моманты або негатыўныя".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства