Драгічын: Міліцыя затрымлівае за агітацыю
21 верасня ў Драгічыне ў 9.50 раніцы каля ўваходу на гарадскі рынак за распаўсюд агатацыйных матэрыялаў за кандыдата ад Партыі БНФ Уладзіміра Казеку (балатуецца па Днепра-Бугскай выбарчай акрузе № 10) былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі давераная асоба кандыдата Алесь Рамановіч і сябра перадвыбарчага штаба Васіль Пракопчык. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Драгічынскі РАУС. Супрацоўнікі міліцыі затрыманне патлумачылі вельмі дзіўна: яны заявілі, што нельга агітаваць на працоўных месцах (толькі, на якіх і на чыіх працоўных месцах – незразумела).
За затрыманых нечакана ўступіўся начальнік ідэалагічнага аддзелу райвыканкаму Дзіём, які запатрабаваў ад міліцыянтаў, каб тыя адпусцілі агітатараў. Праз 40 хвілін Алесь Рамановіч і Васіль Пракопчык намаганнямі ідэолага былі на волі.
Кандыдат у дэпутаты Уладзімір Казека збіраецца падаваць скаргі ў акруговую камісію і пракуратуру па факту незаконнага затрымання даверанай асобы і сябра перадвыбарчага штаба, а таксама стварэння перашкодаў у правядзенні агітацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”