Светлагорск: Не ўсіх выбаршчыкаў уключаюць у спісы
Адзін з сяброў участковай выбарчай камісіі ў Светлагорску паведаміў, што ад старшыні камісіі паступіла ўказанне не ўключаць у спіс усіх выбаршчыкаў на выбарчым ўчастку.
“На кожным выбарчым участку ёсць людзі, якія звычайна не ходзяць на выбары. Сябры ўчастковых камісій, якія працуюць не першы раз, ведаюць пра гэтых людзей. Дырэктар школы сказаў, што іх у спіс уключаць не трэба” – распавёў сябра камісіі, які прасіў не называць яго. Аналагічныя ўказанні паступалі і на ранейшых выбарах, дадаў ён.
На думку сябра камісіі, такім чынам можна завысіць працэнт выбаршчыкаў, якія прагаласавалі.
Паводле беларускага Выбарчага кодэксу, “грамадзяне, якія па-якой небудзь прычыне не ўключаныя ў спіс”, уносяцца ў спіс дадаткова. Гэта робіцца ў дзень галасавання. Фактычна гэта азначае, што ў дадатковыя спісы можна запісаць і тых, хто не ходзіць на выбары, і нават неіснуючых выбаршчыкаў. І тут – магчымасць для фальсіфікацый: за лік тых, хто занесены ў дадатковыя спісы і насамрэч не галасавалі, можна павялічыць колькасць галасоў за “патрэбных кандыдатаў”.
“Ва ўчастковыя камісіі мясцовы райвыканкам не ўключыў ніводнага з 28 вылучаных прадстаўнікоў апазіцыі. А назіральнікам Выбарчы кодэкс не дае магчымасці ні высвятляць абставіны складання дадатковых спісаў, ні сачыць за падлікам бюлетэняў, каб зверыць іх колькасць са спісамі”, – гаворыць Віктар Раманішка са Светлагорска, сябра Гомельскай абласной рады Партыі БНФ.
Адзначым, што ва многіх краінах спісы выбаршчыкаў складаюць да выбараў, а ў дзень галасавання рашэнне аб унясенні выбаршчыка ў спіс можа прыняць толькі суд. Да таго ж, за мяжой практыкуюць складанне спісаў не толькі па асобных участках, а па выбарчых акругах у цэлым і нават агульнанацыянальных спісаў. Гэта змяншае магчымасць для фальсіфікацый.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”