Недзяржаўныя СМІ больш не маюць права называцца "беларускімі" і "нацыянальнымі"
Недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі больш не дазваляецца мець назвы, у якіх прысутнічаюць словы "нацыянальны" і "беларускі". Пра гэта гаворыцца ва ўказе №247, які А. Лукашэнка падпісаў 31 траўня. СМІ, назвы якіх не адпавядаюць патрабаванням указу, павінныя быць перарэгістраваныя ў трохмесячны тэрмін. Паводле ўказу, дзейнасць СМІ, якія не прайшлі перарэгістрацыю, лічыцца незаконнай. Дакумент уступіць у сілу з моманту яго афіцыйнага апублікавання.
Сродкі масавай інфармацыі, заснавальнікамі якіх выступаюць дзяржаўныя органы, валодаюць правам на выкарыстанне ў сваіх назвах (рэквізітах дакументаў альбо рэкламных матэрыялах) словаў "нацыянальны" і "беларускі".
Ва ўказе таксама гаворыцца, што палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, рэспубліканскія прафесійныя саюзы і банкі могуць выкарыстоўваць слова "беларускі". "Іншыя юрыдычныя асобы змогуць выкарыстоўваць у сваіх назвах і рэкламных матэрыялах словы "нацыянальны" і "беларускі" толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі", - перадае БелТА.