Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі вернецца да справы Беларускага Гэльсынскага камітэту.
У падатковай інспэкцыі па-ранейшаму лічаць, што гуманітарная дапамога грамадзкім арганізацыям павінна абкладацца падаткамі, што аспрэчваюць праваабаронцы. Ад таго, чыя пазыцыя пераможа, залежыць лёс ня толькі БГК, але і дзесяткаў грамадзкіх арганізацыяў, лічаць спэцыялісты.
Яшчэ пры канцы мінулага году здавалася, што ў працяглай судовай спрэчцы падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну сталіцы зь Беларускім Гэльсынскім камітэтам Вышэйшы гаспадарчы суд паставіў кропку, калі адхіліў прэтэнзіі прадстаўнікоў улады. Але ў сакавіку ўступіў у дзеяньне новы Гаспадарча-працэсуальны кодэкс, які пашырыў магчымасьці абскарджваць судовыя рашэньні. Гэтым скарысталіся чыноўнікі падатковай інспэкцыі. Яны зноў патрабуюць прызнаць, што справядліва прымушалі Беларускі Гэльсынскі камітэт сплаціць каля 140 тысяч даляраў з грантаў праграмы ТАСІС Эўразьвязу.
Нагадаем, гэтыя прэтэнзіі сталі падставай для завядзеньня пракуратурай крымінальнай справы супраць старшыні і галоўнага бухгальтара БГК.
Былое рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі на карысьць БГК мела вялікі розгалас. Міжнародныя арганізацыі віталі яго, бо гэта адпавядала сусьветнай практыцы, паводле якой гуманітарная дапамога не абкладаецца падаткамі.
І вось суду прыйдзецца зноў вызначаць пераможцу ў спрэчцы. Гэтым разам Беларускі Гэльсынскі камітэт ў судзе будзе прадстаўляць выканаўчы дырэктар арганізацыі юрыст Алег Гулак. Ён спадзяецца, што суд пацьвердзіць былое рашэньне. А дзеяньні падатковых інспэктараў Алег Гулак тлумачыць загадам зьверху.
“На маю думку, зь юрыдычнага пункту гледжаньня адказы на ўсе пытаньні ўжо атрыманыя, таму, мяркую, гэта не пазыцыя падатковай інспэкцыі, а пазыцыя міністэрства падаткаў і збораў. Вядома, што ня толькі супраць нас вядуцца падобныя працэсы, але і супраць іншых грамадзкіх арганізацыяў”, -- паведаміў праваабаронца «Радыё Свабода»