Гомельшчына: выйшаў інфармацыйны бюлетэнь “Выбар”
У Гомельскай вобласці выдадзены чарговы інфармацыйны бюлетэнь, у якім асвятляецца ход выбараў ў Палату прадстаўнікоў. Выпуск пад назвай “Выбар” распавядае пра сітуацыю ў Жлобінскай і шэрагу іншых выбарчых акругаў. Сярод матэрыялаў – інфармацыя аб перашкодах, з якімі сутыкаюцца дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты.
Незалежнае выданне змяшчае 11 публікацый. У асноўным яны прысвечаны пачатку перадвыбарчай агітацыі. Распавядаецца аб фактах, калі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі нераўнамерна надаюць увагу кандыдатам “ад улады” і ад апазіцыі. Паведамляецца пра тое, што 3 дэмакратычныя кандыдаты зняліся з выбараў, даюцца іхнія тлумачэнні аб прычынах гэтага.
Апублікаваныя і даведачныя звесткі: спіс дэмакратычных назіральнікаў у шэрагу акруговых выбарчых камісій, звесткі аб інтэрнэт-сайтах, якія размяшчаюць незалежную інфармацыю пра выбары. Прыводзіцца пералік кандыдатаў “ад улады” па ўсіх выбарчых акругах Гомельшчыны. Бюлетэнь выпушчаны на 4 старонках фармату А4 з фотаздымкамі. 3 аналагічныя бюлетэні – “Выбары-2008”, “Выбаршчык” і “Выбары” – тут былі выдадзены ў ліпені – жніўні.