Магілёў: Лідзія Ярмошына лічыць прэтэнзіі да працы камісіі надуманнымі, а скаргу праваабаронцаў неабгрунтаванай
Такі адказ атрымалі магілёўскія праваабаронцы Аляксандр Каралёў і Зміцер Салаўёў ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай на скаргу з нагоды адмовы ў допуску назіральнікаў да працэдуры праверкі подпісаў выбаршчыкаў у акруговай камісіі выбарчай акругі №85.
“Праверку дакументаў, - гаворыцца ў адказе, - якія прадастаўлены да рэгістрацыі, камісія сапраўды здзяйсняе па-за межамі паседжанняў, у сувязі з чым прысутнасць назіральнікаў, як і заяўнікаў, пры гэтым не прадугледжана”.
Нагадаем, што назіральнікі прасілі праінфармаваць камісію аб яе працы па праверцы подпісаў і выказалі жаданне прысутнічаць падчас гэтай працэдуры, накіраваў у камісію спецыяльную заяву, але праз дзень яны атрымалі адказ, што назіральнікі маюць права прысутнічаць толькі на паседжаннях камісіі. Са слоў старшыні камісіі спадарыні Клеменковай, праверка подпісаў праводзілася рабочымі групамі і не на паседжаннях камісіі.
Прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Аляксей Паўлоўскі таксама падаваў заяўку ў гэтую камісію з просьбай даць яму магчымасць прысутнічаць падчас працы камісіі па праверцы подпісаў, аднак атрымаў адказ, што толькі назіральнікі маюць права прысутнічаць на паседжаннях камісіі.
“Выпадак з Аляксеем Паўлоўскім пацвердзіў, што праца па праверцы подпісаў мусіць праводзіцца не нейкімі працоўнымі групамі, а менавіта на паседжаннях камісіі, - працягвае назіральнік Аляксандр Каралёў, - а стварэнне такіх рабочых груп з’яўляецца парушэннем артыкула 37 Выбарчага Кодэкса РБ аб арганізацыі працы тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых камісій”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”