Расклад не змяніўся: 12 акругаў засталіся безальтэрнатыўнымі
Завершыўся разгляд Цэнтральнай камісіяй і Вярхоўным судом скаргаў прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў.
Што мы маем зараз?
Так, у ЦВК паступілі 52 скаргі, і па выніках іх разгляду было зарэгістравана восем кандыдатаў у дэпутаты: Ірына Яскевіч (Віцебская-Чкалаўская акруга № 18), Міхаіл Сілівонец (Жыткавіцкая акруга № 39), Юрый Рубцоў (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Іван Шчарбакоў (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Аляксандр Букас (Барысаўская акруга № 62), Вольга Шаханава (Аўтазавадская акруга № 92 г. Менска), Уладзімір Навасяд (Свіслацкая акруга № 94 г. Менска), Васіль Каранкевіч (Гомельская-Савецкая акруга № 34).
У Вярхоўны суд пасупіла, у сваю чаргу, 19 скаргаў тых прэтэндэнтаў, у рэгістрацыі якім было адмоўлена як акруговымі камісіямі, так і ЦВК (адзін з заяўляльнікаў сваю заяву адклікаў да разгляду судом). З застаўшыхся 18 заяваў па рашэнні Вярхоўнага суда толькі два прэтэндэнты зарэгітраваныя кандыдатамі: Аляксей Туровіч (Сухараўская выбарчая акруга № 102) і Уладзімір Маркаў (Шабаноўская выбарчая акруга №91).
Трэба адзначыць, што па выніках разгляду скаргаў ЦВК і Вярхоўным судом сітуацыя з безальтэрнатыўнымі акругамі не змянілася: іх як было 12, столькі ж і засталося. Так, ужо зараз можна віншаваць з дэпутатствам:
Брэсцкая вобласць:
генеральнага дырэктара ГУПП «Івацэвічскае ЖКХ» Леаніда Кавалевіча (Івацевіцкая выбарчая акруга №11)
генеральнага дырэктара ТАА «Пінсксаўгасбуд» Канстанціна Шэўчыка (Пінская сельская выбарчая акруга№15)
Віцебская вобласць:
галоўнага доктара дзіцячай паліклінікі УЗ «Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца» Іну Антонаву (Наваполацкая выбарчая акруга №25)
Гомельская вобласць:
начальніка ўпраўлення ЖКХ Гомельскага аблвыканкаму Уладзіміра Міхасёва (Рагачоўская выбарчая акруга №45)
Гарадзенская вобласць:
старшыню Зельвенскага райвыканкаму Леаніда Эльяшэвіча (Ваўкавыская выбарчая акруга №48)
першага намесніка старшыні Гарадзнская аблвыканкаму Васіля Сцяпуру (Мастоўская выбарчая акруга №56)
дырэктара РСУП «Племзавод Карэлічы» Філіпа Богуша (Наваградская выбарчая акруга №57)
дэпутата Палаты прадстаўнікоў Таццяну Голубеву (Смаргонская выбарчая акруга №59)
намесніка старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Марыю Бірукову (Шчучынская выбарчая акруга №60)
Менская вобласць:
генеральнага дырэктара РУП «Барысаўхлебпрам» Васіля Гурьянава (Барысаўская сельская выбарчая акруга №63)
начальніка галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі прэідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сінякова (Маладзечанская сельская выбарчая акруга №71)
дырэктара УА «Шчэпічская СШ» Клецкага райну Алену Новік (Нясвіжская выбарчая акруга №72).
Такім чынам, на сённяшні дзень у выбарчай гонцы бяруць удзел 279 кандыдаты.
Аднак сыходзячы з практыкі мінулай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў рана казаць, што ўсе сённяшнія кандыдаты пройдуць выбарчы марафон да канца. Нагадаем, падчас выбараў 2004 года з 406 зарэгістраваных кандыдатаў да дня выбараў дайшлі толькі 346: за час агітацыйнай кампаніі былі пазбаўленыя рэгістрацыі або адмовіліся ад далейшай барацьбы 60 (!) кандыдатаў, прычым 7 з іх былі знятыя з выбарчай гонкі падчас правядзення датэрміновага галасавання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”