Віцебск: Падвойныя стандарты
Адбылося чарговае паседжанне акруговай выбарчай камісіі па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19.
Ізноў разглядалася пытанне аб паўторнай трансляцыі (з гукам) тэлевыступу Андрэя Левінава (5 верасня частка выступу гэтага кандыдата па 19-му акрузе прайшла ў эфіры без гуку). Прынята рашэнне дату паўторнай трансляцыі зацвердзіць пасля завяршэння расследавання дадзенага інцыдэнту. Як доўга будзе працягвацца расследаванне -- невядома, а да пачатку галасавання засталося… меней двух тыдняў.
У парушэнне Выбарчага кодэкса акруговая камісія №19 прызнала правамернымі дзеянні кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС, якое адмовіла кандыдату Андрэю Левінаву ў сустрэчы з супрацоўнікамі райаддзела.
Акруговая камісія таксама прызнала правамернай адмову адміністрацыі сярэдняй школы №2 (участак для галасавання №4) аказаць садзейнічанне ў сустрэчы кандыдата Левінава з выбаршчыкамі-бацькамі. Атрымліваецца, кандыдату ад улады Сяргею Сямашку сустракацца ў школах з бацькамі можна, а незалежнаму кандыдату не (нагадаем, 3 верасня ў гімназіі №4 сабралі бацькоў для сустрэчы з Сяргеем Сямашкам і адмовілі прадставіць слова на гэтым жа сходзе незалежнаму кандыдату Андрэю Левінаву).
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"