viasna on patreon

У Беларусі пачаў дзейнічаць закон аб “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі”

2005 2005-05-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. Гэты закон правабаронцы і апазыцыя ўжо назвалі “чарговым камянём” у будоўлі таталітарнай сыстэмы сталінскага тыпу. Між тым ў Палаце Прадстаўнікоў лічаць, што новая рэдакцыя закону адказвае на сучасныя пагрозы і Беларусь ідзе ў рэчышчы сусьветнай тэндэнцыі. Што зьменіцца ў жыцьці беларусаў з увядзеньнем гэтага законe?

Новая рэдакцыя закону “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі” надае больш шырокія правы апэратыўным службам. Цяпер яны могуць пранікаць ў жытло грамадзяніна ці ў офіс арганізацыі, нават замежнай, ня маючы санкцыі пракуратуры. Дазвол пракурора ўвогуле непатрэбны, дастаткова будзе толькі цягам сутак праінфармаваць пракурора, што пранікненьне адбылося ў апэратыўных мэтах. “Калі мы нічога ня знойдзем, папросім прабачэньня”, – гэтак былы старшыня КГБ Леанід Ерын адказаў журналістам на пытаньне, якое пакараньне напаткае чэкістаў у выпадку памылкі.

Другім істотным новаўвядзеньнем закону ёсьць права спэцслужбы ўкараняць ў любую арганізацыю сваіх тайных агентаў. Калі ж іх нехта рассакрэціць, законам прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Мерка пакараньня -- да 5 гадоў турмы. Столькі ж атрымлівае той, хто абнародаваў дзяржаўны сакрэт...

Закон дзейнічае ўжо больш за тыдзень. Ці вы ўжо адчулі на сабе ягонае дзеяньне, спытаў я ў генерал-лейтэнанта міліцыі Мечыслава Грыба, аднаго з лідараў апазыцыі, былога сьпікера Вярхоўнага Савету. Спадар Грыб перакананы, што асабіста ягоны тэлефон даўно праслухоўваюць , а ў выпадку патрэбы спэцслужбы могуць лёгка пранікнуць ў кватэру

(Грыб: ) “Я не выключаю, што такое можа здарыцца . Зрабіць гэта ніколькі не складана, бо маю кватэру ахоўваюць міліцыянты з дэпартамэнту аховы Міністэрства ўнутраных справаў, гэта людзі ў пагонах і зь імі дамовіцца спэцслужбам ня цяжка. Могуць прыйсьці, каб паглядзець, нешта праверыць. Але пакуль, каб я некага злавіў за руку, такога не было”.

Асабіста Мечыслаў Грыб супраць таго, каб у органаў дзяржаўнай бясьпекі было неабмежаванае права пранікаць ў кватэры грамадзянаў. Мечыслаў Грыб перакананы: гэта прывядзе да злоўжываньняў, парушыць правы людзей на тайну ўласнага жыцьця і спрычыніцца да ўзмацненьня палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Паводле Мечыслава Грыба, у сярэдзіне 1990-х гадоў, калі ён узначальваў камісію па нацыянальнай бясьпецы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, спэцслужбы таксама рабілі спробы пашырыць свае правы за конт правоў грамадзянаў, але тая атака была адбітая. Былы дэпутат нагадаў, як ўдалося гэта зрабіць: “Мы ж былі людзі вольныя, хоць парлямэнт быў чырвоным, але нас была вялікая грамада, 347 чалавек, усе разумелі, што ня мусіць быць арганізацыі, якая нікому не падпарадкаваная. І мы рабілі адпаведныя захады”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства