ЦВК праігнаравала зварот праваабаронцаў
Цэнтральная камісія пакінула без належнай увагі зварот РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт", у якім праваабаронцы прасілі правесці праверку працэдуры фармавання некаторых участковых камісій Полацкай гарадской выбарчай акругі № 28 і прыняць адпаведныя меры ў межах кампетэнцыі ЦВК.
Справа ў тым, што да прадстаўніка БХК у Полацку і Наваполацку Яўгена Парчынскага патрапіў спіс кіруючага складу ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў па Полацкай гарадской выбарчай акрузе № 28. Па словах Яўгена, гэты спіс 28 ліпеня 2008 г. яму перадаў чалавек, які назваўся супрацоўнікам Полацкага гарвыканкама.
Указаны спіс быў сфармаваны задаўга да завяршэння вылучэння прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій
Ужо 12 жніўня рашэннем Полацкага гарвыканкама № 551 былі зацверджаныя ўчастковыя камісіі. Іх склад практычна ідэнтычны спісу, які апынуўся ў назіральніка.
Гэта дазваляе зрабіць выснову аб тым, што ўчастковыя камісіі фактычна былі сфармаваныя задаўга да ўстаноўленых каляндарным планам тэрмінаў і толькі фармальна зацверджаныя 12 жніўня. Такая выснова пацвярджаецца і хуткасцю прыняцця названага рашэння. Па паведамленні назіральнікаў БХК, спісы ўчастковых камісій па Полацкай выбарчай акрузе былі зацверджаныя за 15 хвілін.
Аднак Цэнтральная камісія вырашыла пакінуць без увагі гэты факт. "Цэнтральная камісія правярае і дае адзнаку пэўным фактам правапарушэнняў, а не домыслам і здагадкам. Усе дакументы, якія паступаюць да нас, здабываюцца адкрытым шляхам, які можна прасачыць, а не таемнай перадачай матэрыялаў, атрыманых з невядомых крыніц", - сказана ў адказе Лідзіі Ярмошынай.
Юрыст БХК Гары Паганяйла, каментуючы сітуацыю, адзначае, што "Цэнтральнай камісіі добра вядомая напрацаваная практыка прыняцця рашэнняў па стварэнні УІК насуперак патрабаванням закона. Выканаўчая ўлада даўно і паўсюдна выключае ўдзел прадстаўнікоў апазіцыі ў гэтых камісіях. Такая сістэма заганная і, натуральна, не можа не выклікаць негатыўнай рэакцыі са боку дэмакратычнага грамадства".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"