Светлагорск: “Ранак” ужо абраў свайго дэпутата
Тэлебачанне «Ранак» і газета “Ранак-плюс” у Светлагорску зноў удзялілі ўвагу кандыдату ў дэпутаты Нацыянальнага сходу “ад улады” Валянціне Кавалёвай. Афіцыйная прэса не ўзгадвае пра іншага кандыдата, Сяргея Дайнеку, які таксама вылучаны ў Светлагорскай выбарчай акрузе (Гомельская вобласць).
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая намесніца старшыні Светлагорскага райвыканкама В. Кавалёва зараз вядзе агітацыю на новыя выбары. На гэты раз яна з’явілася на тэлевізіі і ў газеце ў сувязі з адкрыццём гарадской школы № 12, якая будавалася амаль 15 гадоў. Тут Кавалёва распавяла прысутным аб тым, як шмат людзей працавалі на будаўніцтве, як шмат яны зрабілі дзеля таго, каб цяпер было сапраўднае свята... “Хачу сказаць: наказ маіх выбаршчыкаў аб увядзенні ў поўным памеры школы № 12 выкананы”, – аб’явіла яна.
У той жа дзень усё гэта паказала мясцовая тэлевізія “Ранак”. А 3 верасня аналагічны матэрыял надрукавала і газета “Ранак-плюс”, тут і фотаздымак з Кавалёвай (дырэктар прадпрыемства “Ранак” – Ігар Кашлікаў). Напрыканцы жніўня, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў, “Ранак” таксама паказаў Кавалёву. А падчас збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты яе хваліў дзяржаўны тэлеканал “Лад”. Праўладная прэса не знаходзіць нагодаў для таго, каб распавесці пра іншага тутэйшага кандыдата – Сяргея Дайнеку.
Нагадаем, што 10 ліпеня на нарадзе па пытаннях выбараў А. Лукашэнка казаў: "Усім кандыдатам неабходна забяспечыць роўны доступ да СМІ, каб нас потым не папракалі, што мы адным стварылі спрыяльныя ўмовы, а іншым — неспрыяльныя. Гэтак званыя апазіцыянеры сёння чакаюць, каб улада іх дзесці пачала прэсаваць, таму што самі яны не пройдуць. Але ім жа трэба перад спонсарамі ўсё растлумачыць, чаму яны не прайшлі. Іх народ і так адхіліць. Але вы стварыце ўмовы, роўныя для ўсіх."
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”