Правабаронца Аляксей Колчын таксама апытаны па справе “Выбуху 4 ліпеня”
Праваабаронца Аляксей Колчын быў апытаны 3 верасня ва Ўпраўленьні унутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму. Нягледзячы на тое, што А.Колчын быў выкліканы ў якасьці сьведкі для допыту, старэйшы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах падпалкоўнік міліцыі А.Бабкоў вырашыў абмежавацца толькі апытаньнем.
Сьледчы заявіў, што ў УУС Магаблвыканкаму з РАУС Ленінскага раёну г. Магілёва (ў якім ён пражывае праваабаронца) паступілі дадзеныя аб тым, што А.Колчын можа ўяўляць цікавасьць для сьледства па справе аб выбуху ў г. Менску ў ноч з 3-га на 4-е ліпеня 2008 г. Сьледчага А.Бабкова цікавіла тое, дзе знаходзіўся праваабаронца ў гэты час, ды ці мае ён якое-небудзь дачыненьне да тэракту. Пасьля заканчэньня апытаньня сьледчы заявіў аб тым, што А.Колчын мусіць прайсьці працэдуру дактыласкапіі й фатаграфаваньня. Праваабаронца, аднак, адмоўвіўся праходзіць гэтыя працэдуры дабраахвотна. Ён заявіў, што для гэтага няма ніякіх падставаў, паколькі ён ня мае ніякага дачыненьня да падзей 3-4 ліпеня ў Менску. Ў адказ сьледчы А.Бабкоў заўважыў, што каля 180 чалавек ужо было затрымана на 3-е сутак ў зьвязку з рассьледваньнем гэтага выбуху, і што А.Колчын таксама можа быць падвергнуты такому затрыманьню.
Апытаньне праходзіла ў прысутнасьці праваабаронцы Барыса Бухеля.