Пікеты аб зніклых забароненыя
Суд Ленінскага раёну Берасьця 3 верасня адмовіў актывістам апазыцыі Андрэю Шарэндзе і Віталю Сымоніку ў задавальненні скаргі на забарону праводзіць 7 ліпеня пікет, прымеркаваны да восьмых угодкаў знікнення Зміцера Завадскага.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, акцыю з мэтай прыцягвання ўвагі грамадзкасці да патрабавання рэальна расследаваць справы аб зніклых вядомых асобах, а таксама прыняць і ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў плянавалася правесці ў цэнтры Берасьця на пляцоўцы ля тэатру драмы і музыкі.
Пікет быў забароненым на той падставе, што рашэннем гарвыканкаму сталым месцам правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны стадыён "Лакаматыў".
"Рашэннем усталявана месца правядзення масавых мерапрыемстваў, але няма забароны на іхнюю арганізацыю ў іншых кропках. Акрамя таго, суд праігнараваў довады актывістаў, што стадыён "Лакаматыў" — тэрыторыя пэўнай арганізацыі, дзе выраз публічнага меркавання, калі гэта ня тычыцца дадзенага аб'екта, — абсурдна", — сказаў Р.Кісляк.
А.Шарэнда і В.Сымонік маюць намер абскардзіць рашэнне раённага суда ў судовую калегію па грамадзянскіх справах абласнога суда, паведамляе Хартыя-97