viasna on patreon

Галоўная Рада Саюзу палякаў не зьбіраецца праводзіць паўторны зьезд сваёй арганізацыі, правядзеньня якога патрабуе Міністэрства юстыцыі

2005 2005-05-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 траўня Галоўная Рада Саюзу палякаў у Горадні аднагалосна вырашыла не прызнаваць патрабаваньні міністэрства юстыцыі аб правядзеньні новага зьезду. У пасяджэньні бралі ўдзел прадстаўнікі большасьці абласьцей Беларусі. З 35 сябраў Рады прысутнічалі 25, большасьць іншых далі сваю згоду на прыняцьце рашэньня па тэлефоне.

як паведаміла Радыё Свабода, пасяджэньне Рады Саюзу палякаў працягвалася прыблізна тры гадзіны. Асноўным пытаньнем была рэакцыя на рашэньне Міністэрства юстыцыі, якое прызнала нелегітымным апошні — 6-ы зьезд Саюзу, які адбыўся ў Горадні два месяцы таму. У рашэньні мінюсту гаворыцца, што легітымным зьяўляецца старое кіраўніцтва Саюзу палякаў, якое павінна цягам двух тыдняў вырашыць, калі будзе праведзены паўторны зьезд. Пасьля заканчэньня пасяджэньня Рады Анжаліка Борыс сказала: “Сябры Рады былі на тым зьезьдзе і яны папросту абураныя рашэньнем, якое дазваляе сьцьвярджаць - і мы гэта сцьвярджаем - што беларуская дзяржава ўмешваецца ў справы грамадзкай арганізацыі і парушае нашыя правы як меншасьці”.

Шмат эмоцыяў у сябраў Рады выклікаў паказаны па Беларускім тэлебачаньні 45-хвілінны фільм пра Саюз палякаў. Ён меў назву ў стылі жаргону кілераў—“Хто замовіў Саюзу палякаў?” Стваральнікі выкарысталі апэратыўную відэаздымку, а таксама выступы былога старшыні Саюзу Тадэвуша Кручкоўскага ды некаторых ягоных паплечнікаў. Гучалі абвінавачаньні на адрас асобных польскіх дыпляматаў, у прыватнасьці Марка Буцько з амбасады ў Менску, што яны нібыта імкнуцца ўцягнуць Саюз палякаў у палітычную барацьбу на баку беларускай апазыцыі.

Анжаліка Борыс кажа: “Людзі былі абураныя, бо гэта сорам і ганьба: за 16 гадоў існаваньня арганізацыі чалавек, які прайграў, ня можа пагадзіцца з гэтым і выкарыстоўвае розныя мэтады і спосабы, нават тыя, якія вядуць да зьнішчэньня арганізацыі”.

Спадарыня Борыс зазначае, што менавіта былое кіраўніцтва Саюзу арганізавала і праводзіла 6-ы зьезд. А цяпер гэтыя людзі “сьцьвярджаюць аб яго неправамоцнасьці, выкарыстоўваючы ў гэтым органы ўлады”.

У рашэньні Міністэрства юстыцыі сказана, што яно скасавала вынікі зьезду ў адказ на скаргі з боку сябраў Саюзу палякаў, у тым ліку і дэлегатаў зьезду. Тым часам юрысты зазначаюць, што гэтае рашэньне мае рэкамэндацыйны характар. Рэдактар “Magazyna Polskiego”, юрыст з адукацыі, Андрэй Пачобут кажа: “Яны ня вынесьлі нам папярэджаньне, яны рэкамэндавалі правесьці новы зьезд. Мы лічым, што гэтае патрабаваньне незаконнае, яно не грунтуецца на патрабаваньнях беларускага заканадаўства і парушае гонар і годнасьць палякаў Беларусі”.

Спадар Пачобут зазначае, што калі мінюст абвесьціць Саюзу палякаў папярэджаньне, тады яны будуць абскарджваць яго у Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства