viasna on patreon

Недзяржаўныя выданні Гродзенскай вобласці не ўключаныя ў Каталог сродкаў масавай інфармацыі Гарадзеншчыны

2005 2005-05-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Каталог "Средства массовой информации Гродненщины" выдадзены ўпраўленнем ідэалагічнай работы Гарадзенскага аблвыканкама накладам 400 асобнікаў адмыслова да 9-й міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі", якая адкрылася 3 траўня ў Мінску. Як вынікае з назвы, каталог прэтэндуе на апісанне ўсяго спектру СМІ, зарэгістраваных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Аднак у каталогу адсутнічае якая-кольвек інфармацыя пра недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні Гродзеншчыны: у прыватнасці, пра газеты "Биржа информации", "Газета Слонімская", "Местная газета", "Новая газета Сморгони", "Тэлескоп", "Glos znad Niemna".
Выданне змяшчае інфармацыю пра перыядычныя і электронныя СМІ Гродзеншчыны, паліграфічныя прадпрыемствы вобласці, гродзенскую філію прадпрыемства "Белпошта", "Гроднааблсаюздрук", адкрытае акцыянернае таварыства "Гроднакніга".
Адказны за выпуск каталога начальнік адзела па працы з СМІ ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Мар'ян Максімонька паведаміў службе маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што неўключэнне недзяржаўных выданняў у каталог было свядомым рашэннем ідэалагічнага ўпраўлення. "Хай не крыўдуюць іншыя выданні, але ў каталогу мы змясцілі толькі тыя СМІ, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту і тыя, дзе ёсць дзяржаўная доля", - патлумачыў Мар'ян Максімонька.
Наталля Макушына, рэдактар сацыяльнага аддзела не ўключанай у каталог гродзенскай газеты "Биржа информации", пераканана, што "чыноўнікі ў чарговы раз падзялілі журналістаў ды газеты на сваіх і чужых па прынцыпе асабістай адданасці". "Самае агіднае, што гэтая "кніжыца" з апісаннем "ручных" газет выйшла на грошы падаткаплатнікаў: у тым ліку "Биржи информации" і кожнага з нашых журналістаў", - сказала БАЖ Наталля Макушына.
Ва ўступным слове да каталога начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Уладзімір Амелька акрэсліў вектар дзейнасці дзяржаўных СМІ Гродзеншчыны. "Прыярытэтным накірункам ёсць асвятленне работы мясцовых органаў улады, дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пытанняў дзяржаўнай унутранай і замежнай палітыкі", - адзначыў Уладзімір Амелька. Галоўную задачу свайго ідэалагічнага ўпраўлення ён бачыць "у забеспячэнні выканання заканадаўства ўсімі ўдзельнікамі інфармацыйнага працэсу і ў стварэнні неабходных умоваў дзеля паўнавартаснага і ўсебаковага развіцця інфармацыйнай прасторы вобласці".
Павал Мажэйка, служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства