viasna on patreon

У Чылі патрабавалі вызваленьня зьняволеных удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” ў Менску

2005 2005-05-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28-29 красавіка ў сталіцы Чылі Санцьяга адбылася трэцяя канферэнцыя міністраў дэмакратычнай супольнасьці. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў больш як 120 краінаў сьвету, 40 краінаў былі прадстаўленыя прем’ер-міністрамі, ЗША – кіраўніком Дзярждэпартаменту Кандалізай Райс. У працы канферэнцыі прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў амаль з усіх куткоў сьвету: Афрыкі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Азіі і Еўропы, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і фондаў, у тым ліку – Жорж Сорас.

Ад Беларусі ў канферэнцыі ўдзельнічалі ректар ліквідаванага ўладамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Анатоль Міхайлаў і юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які выступіў з дакладам ра сітуацыі ў Беларусі на рэгіянальнай секцыі краінаў Еўропы. Пытаньне з сітуацый у Беларусі было адным з асноўных, якое абмяркоўвалася на гэтай секцыі.

Міністр замежных справаў Украіны Тарасюк прапанаваў прыняць ад імя афіцыйных дэлегацыў краінаў-удзельнікаў канферэнцыі заяву па сітуацыі з правамі чалавека, якая склалася ў Беларусі. Аднак гэтая ініцыятыва не была прынятая, паколькі заявы, згодна з рэгламентам канферэнцыі, прымаюцца толькі пры поўным кансэнсусе. Дэлегацыя МЗС Расіі скарысталася гэтым правам вета і заблакавала прыняцьце дадзенай заявы. Як потым сказаў Валянціну Стэфановічу ў прыватнай размове адзін з прадстаўнікоў расійскай дэлегацыі, МЗС Расіі атрымаў інструкцыі падтрымліваць любую пазіцыі Беларусі на міжнародным узроўні. Такім чынам, Расія працягвае аказваць усялякую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных арганізацыях.
Аднак шэраг краінаў прынялі заяву аб сітуацыі ў Беларусі – як меркаваньне дэлегацыяў краінаў, якія яе падпісалі.

Тэкст заявы (пераклад неафіцыйны):

Дэмакратычная супольнасьць аб сітуацыі ў Беларусі

“Мы, удзельнікі сустрэчы “Дэмакратычная супольнасьць”, якая адбылася ў Санцьяга, Чылі, 29 красавіка 2005 году, у межах Рэгіянальнага круглага стала краінаў Еўропы, заяўляем нашую глыбокую занепакоенасьць з нагоды апошніх затрыманьняў уладамі Беларусі беларускіх, украінскіх і расійскіх грамадзянаў, удзельнікаў мірнай маніфестацыі каля Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.
Сітуацыя сурьёзна ўскладняецца ў сувязі з галадоўкай, якую абсесьцілі пяць затрыманых грамадзянаў Украіны.
Мы ўпэўненыя, што ўжываньне сілы і незаконныя затрыманьні мясцовай міліцыяй удзельнікаў маніфестацыі супярэчаць фундаментальным прынцыпам свабоды сходаў і асацыяцыяў, якія замацаваныя ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, а таксама ў асноўных дакументах ААН і АБСЕ.
Краіны-удзельнікі Дэмакратычнай супольнасьці рашуча не прымаюць падобныя факты парушэньняў правоў чалавека. Мы рашуча патрабуем ад уладаў Беларусі няўхільна выконваць узятыя міжнарожныя абавязацельствы і неабкладна вызваліць удзельнікаў акцыі пратэсту”.

Заява прынятая па ініцыятыве дэлегацыі Украіны і падпісаная прадстаўнікамі Албаніі, Азербайджана, Харватыі, Чэхіі, Венгрыі, Літвы, Македоніі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама Радай Еўропы і Еўрапарламентам, якія да яе далучыліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства