Пры спробе вярбоўкі намесьніка старшыні “Маладога Фронту” Сяргея Лісічонка супрацоўнік КДБ сказаў, што Камітэт ставіць за мэту вымусіць Паўла Севярынца папрасіць палітычнага прытулку за мяжой
30 сакавіка намесьнік старшыні “Маладога Фронту”, сябра Партыі БНФ Сяргей Лісічонак у цэнтры гораду быў спынены супрацоўнікам КДБ, які прадставіўся “Кірылам”. Супрацоўнік КДБ завёў спачатку гутарку пра “Малады Фронт” і актывізацыю дзейнасьці моладзевай арганізацыі падчас апошніх вулічных акцыяў. Затым “Кірыл” сказаў пра Паўла Севярынца, які зараз праходзіць у якасьці абвінавачваемага па крымінальнай справе, што той “пасаджаны на кручок”, таму абмяжоўваць ягоную палітычную дзейнасьць стала значна прасьцей. Таксама было заяўлена, што мэта КДБ – вымусьць Севярынца папрасіць палітычны прытулак за мяжою.
Затым супрацоўнік КДБ пераключыўся на асобу самога Сяргея Лісічонка, якому было прапанавана прадстаўляць у Камітэт інфармацыю, датычную “Маладога Фронту”. За гэта прапаноўвалася “карысная інфармацыя” аб іншых палітычных партыях, моладзевых арганізацыях, а таксама гарантавалася магчымасьць для “Маладога Фронту” праводзіць любыя сходы і сустрэчы, пазьбягаючы непрыемнасьцяў з боку ўлады. С.Лісічонку было заяўлена аб тым, што ў выпадку адмовы да яго будуць ужытыя палітычныя правакацыі з мэтаю дыскрэдытацыі. Палохалі маладафронтаўца і іншымі формамі ўзьдзеяньня, у тым ліку для таго, каб вымусіць пакінуць краіну. Нягледзячы на тое, што С.Лісічонак адмовіўся ад такой прапановы, яму параілі “сурьёзна падумаць”.
Сам Сяргей тлумачыць сітуацыю наступным чынам: “Па-мойму, рэжым баіцца тых настояў, якія пачынаюць панаваць у беларускім грамадзтве. Баіцца паўтору ўкраінскіх, грузінскіх сцэнароў у Беларусі. Відавочна, да размовы са мною КДБ падштурхнула маё нядаўняе абраньне каардынатарам мабілізацыйнай кампаніі па г. Менску”.