Франак Непрызваны
Адзін з лідэраў маладзёжнага крыла Партыі БНФ Франак Вячорка прызнаны непрыгодным да вайсковай службы па стане здароўя. Такое заключэнне вынесла медыцынская камісія ваенкамата Савецкага раёна Мінска.
Як паведаміў БелаПАН Ф.Вячорка, 16 ліпеня ён даведаўся аб гэтым рашэнні ў ваенкамаце Савецкага раёна.
"Таксама ў ваенкамаце прызналі, што я быў уключаны ў спіс невыязных грамадзян Беларусі па іх ініцыятыве і паабяцалі выправіць гэтую сітуацыю", — сказаў маладзёжны актывіст.
Пры гэтым Ф.Вячорка лічыць, што абласная медыцынская камісія можа не пацвердзіць дадзеныя раённай медкамісіі і ўсё-такі накіраваць яго ў армію. Аднак абласную медкамісію ён будзе праходзіць не раней чым восенню, як мяркуецца, у кастрычніку.
Нагадаем, Ф.Вячорка быў адлічаны з трэцяга курса факультэта журналістыкі БДУ ў лютым гэтага года "за акадэмічную непаспяховасць". Фармальнай прычынай адлічэння стала тое, што студэнт не змог своечасова здаць сесію: у гэты час Ф.Вячорка адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачанні ў дробным хуліганстве, якое ён нібыта ўчыніў 16 студзеня ў будынку суда Цэнтральнага раёна Мінска, дзе праходзіў працэс па справе актывісткі маладзёжнага дэмакратычнага руху Юліі Сіўцовай.