Зьнялі з пасады за апазіцыйнасьць
Уладзіміра Юрчанку, старшыню Магілёўскай раённай Кастрычніцкай арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) знялі з пасады брыгадзіра будаўнічага ўпраўленьня энергетыкаў "Лаўсанбуд". Аб гэтым ён паведаміў аўтару Bulletinonline па тэлефоне.
– Да мяне на працу прыйшоў супрацоўнік міліцыі, які пачаў распавядаць майму начальніку, што ёсць непарадкі ў маёй працы, – кажа Ўладзімір Юрчанка. – Нібыта праблемы тут і там, хаця нічога такога да гэтага моманту не было. Далей – больш. Ён прапанаваў кіраўніцтву мяне звольніць. Гэтае пытаньне вырашалася некалькі дзён. Кіраўніцтва прыйшло да высновы – не звальняць, але зьняць мяне з пасады брыгадзіра вартаўнікоў.
У выніку такога рашэньня апазіцыянер будзе губляць прыблізна 100 тысяч рублёў ад свайго былога заробка штомесяц.
– Тое, што да мяне раптоўна прыйшоў супрацоўнік міліцыі і кіраўніцтва пасля яго прыходу мяне ледзь не звольніла, – гаворыць Уладзімір, – на маю думку, з’яўляецца вынікам маёй палітычнай дзейнасьці.