Дзень народзінаў за кратамі
Свой дваццаць першы дзень нараджэньня актывіст Партыі БНФ, праваабаронца Ільля Богдан сустракае за кратамі – юнака падазраюць у здзяйсненьні выбуху ў Менску 4 ліпеня. Ільлю спаўняецца 21 год.
Яшчэ 10 ліпеня ўвечары на кватэры, дзе Ільля пражывае з бацькамі, прайшоў ператрус, які зьдзяйсьнялі супрацоўнікі КДБ. Пасьля ператрусу актывіста затрымалі і даставілі на допыт. Доўгі час ні сябры, ні родныя, ні нават адвакат не маглі даведацца, куды даставілі затрыманага актывіста. Толькі праз два дні высветлілася, што Ільля ўтрымліваецца ў РУУСе Маскоўскага раёна. Стала таксама вядома, што некаторы час Богдана трымалі ў так званай “ камеры-стакане”, каб псіхалагічна падавіць ягоную волю.
Цікава, што нягледзячы на тое, што Ільлю затрымалі нібыта па падазрэньні ў здзяйсненьні выбуху, тым не меней распытвалі яго найперш пра праваабарончую дзейнасьць, пра той, ці ўдзельнічае ён у выбарчай кампаніі. Несумненна, што затрымаўшы Ільлю, міліцыя намагаецца застрашыць актывіста, а ніколькі не адшукаць сапраўдных злачынцаў. Гэты палітычны перасьлед уладаў сёньня назіраецца ў дачыненьні да дзесятка актывістаў розных партый і рухаў, якія патрапілі за краты па падазрэньні ў выбуху.
Трымайся Ільля! Сябры і калегі віншуюць з днём народзінаў і вераць у цябе!