Брэсцкі актывіст Юры Бакур накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека
Падставай для звароту стала беспасьпяховае абскарджаньне ў вышэйстаячых інстанцыях пастановы суду Маскоўскага раёну Брэста. У мінулую восень суд прызнаў Бакура віноўным у правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства і аштрафаваў яго на тры базавыя велічыні (93 тыс. рублёў).
У сваім паведамленьні ў Камітэт ААН па правах чалавека сп.Бакур заяўляе, што сваё затрыманьне і прыцягненьне да адміністратыўнай адказнасьці лічыць незаконным і расцэньвае іх як спробу пакараць за ягоныя палітычныя погляды.
Нагадаем, актывіст быў затрыманы ў офісе Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ, дзе праходзіла адкрытае паседжаньне рады гарадзкой арганізацыі партыі і сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам, які прэзентаваў сваю кнігу "Лісты з лесу".
Усяго тады было затрымана 28 удзельнікаў прэзентацыі, 15 з іх былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці.