Адбыўся форум грамадскіх арганізацый Магілёшчыны
29 чэрвеня ў Магілёве прайшоў Форум грамадзкіх арганізацыяў Магілёўскай вобласьці. На мерапрыемства зьехаліся 106 грамадзкіх актывістаў з усёй вобласці. Чэрыкаў, Крычаў, Горкі, Мсьціслаў, Шклоў, Крычаў, Клімавічы, Касьцюковічы, Хоцімск, Слаўгарад, Бабруйск, Асіповічы,Бялынічы, Быхаў, Глуск, Круглае, сам Магілёў – вось, бадай,
і ня поўны сьпіс прадстаўленых на Форуме гарадоў ды мястэчак. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Праўленьне Асамблеі Няўрадавых Дэмакратычных Арганізацыяў, зладжанае ж яно было цалкам мясцовымі дзеячамі.
Грамадзкія актывісты сабраліся на Форуме, каб абмеркаваць сытуацыю ў няўрадавым сэктары рэгіёну, прэзэнтаваць свае арганізацыі і цікавыя справы, выпрацаваць прапановы да працы ў межах Асамблеі. І, зразумела, дзеля простай камунікацыі адно з адным, узмацненьня пачуцьця салідарнасьці і падтрымкі з боку калегаў па грамадзкай дзейнасьці. Апошнім часам у сувязі з агрэсіўнымі стаўленьнем уладаў да грамадзкай дзейнасьці, маштабныя мерапрыемствы, на якіх актывісты з аднога рэгіёну маглі б сустрэцца, амаль не праводзіліся. Асамблея вырашыла аднавіць гэтую практыку і першай такой вялікай сустрэчай стала магілёўская.
Напрацягу дня ў межах Форуму прайшла праца ў пяці сэкцыях (НДА і палітыка, моладзевы НДА, СМІ і НДА, праваабарончыя НДА, сацыяльныя і
гуманітарныя НДА); прэзэнтацыі НДА, справаў і рэгіёнаў. Вынікам працы тэматычных сталоў сталася больш глыбокае разуменьне агульных праблемаў і іх вырашэньня, абмен досьведам і сумесныя пляны. Падчас працы сэкцыі "НДА і СМІ" 18 рэдактараў рэгіянальных незарэгістраваных маланакладных газэтаў Магілёўскай вобласьці разам з больш як 20-цю магілёўскімі сябрамі БАЖу прынялі заяву з асуджэньнем нядаўна прынятага закону аб СМІ і зваротам да Лукашэнкі не падпісваць гэты ганебны дакумэнт.
Увечары прайшла насычаная культурная праграма: сустрэча з пісьменьнікамі Уладзімерам Арловым і Сьвятланай Алексіевіч, канцэрт фольк-гурту "Джамбібум", прэзэнтацыя выданьняў з кнігарні "Наша Ніва" Валерам Булгакавым, Наталкай Бабінай і Андрэем Скурко.
Удзельнікі выказалі жаданьне зьбірацца на Форумах штогод, каб развіваць сувязь адно з адным, узбагачаць свой досьвед праз камунікацыі і зараджацца добрым настроем.