Кацярына Салаўёва хоча працягваць вучобу завочна
Міжнародная хрысьціянска-дэмакратычная арганізацыя “Малады Фронт” зьвяртаецца да ўнівэрсытэтаў Украіны, Літвы, Польшчы і іншых эўрапейскіх краін з просьбаю дапамагчы атрымаць вышэйшую адукацыю адной зь лідэраў Маладога Фронту Кацярыне Салаўёвай.
5 сьнежня мінулага году 20-гадовая кіраўніца рэгіянальнай філіі Маладога Фронту Кацярына Салаўёва па палітычных матывах была адлічана з другога курса гісторыка-філялягічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсітэта. У той час на дзяўчыну былі распачаты тры незаконныя крымінальныя справы, у тым ліку па антыканстытуцыйным артыкуле 193.1 за дзейнасьць ад імя незарэгістраванага ў Беларусі Маладога Фронту, па якім юнай змагарцы пагражала 2 гады турэмнага зьняволеньня.
Пад ціскам грамадзкасьці празь некалькі дзён дзяўчына была адноўлена на вучобе, але ўжо 21 студзеня, за тры месяцы да судовага працэсу па артыкуле 193.1, на якім маладафронтаўку прызналі вінаватай і пакаралі штрафам, пад ціскам КДБ адміністрацыя ўнівэрсітэта прыняла канчатковае рашэньне аб выключэньні Касі.
Зараз Кацярына хоча вярнуцца да навучаньня і атрымаць вышэйшую адукацыю ў галіне псыхалёгіі ці ангельскай філялёгіі . Безумоўна, шлях у навучальныя ўстановы Беларусі да судзімай маладафронтаўкі закрыты.
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” прапанаваў Касі некаторыя варыянты навучаньня, але, на жаль, толькі дзённую форму. Завочная форма навучаньня па гэтых спэцыяльнасьцях маецца ва ўкраінскіх унівэрсітэтах, але на дадзены момант з-за недастатковага фінансаваньня “Салідарнасьць” ня супрацоўнічае з гэтымі навучальнымі ўстановамі. Кацярына ж ня думае зьязджаць зь Беларусі, бо хоча працягваць актыўную палітычную і грамадзкую дзейнасьць на карысьць роднай краіны.
Просім Вас разгледець магчымыя варыянты навучаньня годнай маладафронтаўкі Кацярыны Салаўёвай у Вашым унівэрсітэце па спэцыяльнасьці “псыхалёгія” ці “ангельскай філялёгія” на завочнай форме.
Акрамя гэтага зьвяртаемся да прадстаўнікоў дыпляматычных місій у Беларусі і простых людзей, якія могуць нечым дапамагчы, паўплываць на вырашэньне гэтай праблемы.
Рэпрэсаванай маладафронтаўцы Кацярыне Салаўёвай неабходна Вашая дапамога!
Да звароту далучаюцца:
Дашкевіч Зьміцер, старшыня "Маладога Фронту", былы палітвязень
Дранчук Цімафей, былы палітвязень
Касьпяровіч Зьміцер, былы палітвязень
Севярынец Павал, сустаршыня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”, былы палітвязень
Фінькевіч Артур, намесьнік старшыні "Маладога Фронту", былы палітвязень