Ваенкаматы атакуюць моладзевых актывістаў
У розных рэгіёнах Беларусі ў ваенныя камісарыяты пачалі актыўна выклікаць актывістаў розных дэмакратычных моладзевых арганізацыяў для праходжаньня мэдычных камісіяў з наступнай адпраўкаю ў войска.
Не пасьпела сьціхнуць гісторыя з гвалтоўным прыводам у ваенкамат Савецкага раёну Менску актывіста “Моладзі БНФ” Франака Вячоркі, як у іншых рэгіёнах пачалі адбывацца аналагічныя рэчы.
Так, ваенны камісар Мастоўскага райваенкамату падпалкоўнік Алег Шандаровіч пагражае галоўнаму рэдактару незалежнай маланакладнай газэты “Мастоўская праўда”, памочніку Валынскае абласное рады і актывісту зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай арганізацыі “Малады Фронт” Ігару Шчакарэвічу ўзбуджэньнем крымінальнае справы за няяўку ў ваекамат па позьве.
Як паведаміла прэс-сакратар “Маладога Фронту” Тацьцяна Шапуцька, Ігар Шчакарэвіч цяпер навучаецца па Праграме Каліноўскага ўва ўнівэрсытэце гораду Беластоку ў Польшчы. Нягледзячы на тое, што Шчэкарэвіч зьяўляецца студэнтам, выенкамат запрасіў яго на мэдкамісію для далейшага прызыву на вайсковую службу. Да таго ж, паводле Тацьцяны Шапуцькі, Ігар Шчакарэвіч цяпер зь пераломам суставу нагі знаходзіцца ў Беластоку, але, нягледзячы на гэты факт, падпалкоўнік Шандаровіч заявіў, што ў выпадку, калі юнак не зьявіцца на мэдкамісію ў ваенкамат, ягоная справа будзе перададзеная ў міліцыю з наступным узбуджэньнем крымінальнае справы за ўхіленьне ад вайсковае службы.
“Гэта, безумоўна, зьвязана з надыходзячай кампаніяй па выбарах дэпутатаў парлямэнта, бо Ігар неааднаразова праяўляў сябе як яскравы й актыўны грамадзкі дзяяч, за што падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў быў выключаны з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, - адзначае прэсавы скаратар “Маладога Фронту”. - Улады цяпер імкнуцца розным чынам нейтралізаваць усіх актыўных людзей, якія могуць вярнуцца ў Беларусь, каб узяць удзел альбо ў кампаніі байкоту, альбо, як гэта мела месца з Ігарам, у парламэнцкіх выбарах”.
А Павала Наздру і Міколу Жукоўскага - сябраў Мазырскага аргкамітэту па стварэньні “Беларускай Хрысьціянскай Дэмкратыі”, забіраюць на вайсковыя зборы. Пра гэта актывісты нечакана даведаліся
за дзень да пачатку збораў. Увечары 10-га чэрвеня Павалу Наздры, рэгіянальнаму каардынатару па Гомельскай вобласьці аргкамітэтц БХД. была ўручаная пад подпіс позва ў ваенкамат.
"Як толькі я выйшаў з хаты, да мяне адразу падбег чалавек у цывільным і ўручыў нейкую паперку, - распавёў Павал Назрда. - Я думаў, што зноў на суткі, але гэта аказалася позва ў ваенкамат".
(Нагадайма, што ў мінулую пятніцу Франака Вячорку міліцыянты таксама падпільнавалі ля пад’езда ўласнага, пасьля чаго ў прысутнасьці прадстаўнікоў Камітэту дзяржаўнае бясьпекі ды ўчастковага адвезьлі ў ваенкамат, дзе ўчынілі відэадопыт. Цяпер маладзён мае прайсьці паглыбленае мэдычнае абсьледаваньне).
Высьветлілася, што Павал Наздра мае служыць ў войску семнаццаць дзён. Маладзён мяркуе, што такім чынам мясцовыя ўлады плянуюць не дапусьціць яго да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Акрамя гэтага, з-за неплянаванай службы ў войску ён ня зможа заняцца кампаніяй аргкамітэту БХД "За сямейныя кашоўнасьці", зьбіраючы подпісы за ўключэньне ў тэлевізійную сетку трох хрысьціянкіх каналаў.
Таксама неспадзявана была ўручаная позва ў ваенкамат Міколу Жукоўскаму, які падчас збораў мусіць здаваць сэсію ва ўнівэрсытэце.
А тым часам у войску, без прыняцьця прысягі, ужо амаль cто пяцьдзесят дзён знаходзіцца гомельскі актывіст “Моладзі БНФ” Зьміцер Жалезьнічэнка. Студэнта-выдатніка таксама па палітычных матывах выключылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсыстэту й тэрмінова прызвалі ў войска, дзе маладзён адмовіўся прымаць прысягу, бо лічыць і сваё адлічэньне з ВНУ, і хуткацечны прызыў на службу незаконным.