"Дырэктар школы звольнілася на знак пратэсту"
У Салігорску аказваецца беспрэцедэнтны ціск на моладзевага лідэра Івана Шылу, якому ўлады не дазволілі здаць апошні іспыт адлічылі са школы. Не выдаваць юнаку атэстат загадалі чыноўнікі мясцовага гарвыканкаму і з менскай вобласьці. Дырэктар школы звольнілася на знак пратэсту, а яе намесьніцу звольнілі за кепскую выхаваўчую працу.
Іван Шыла рыхтаваўся да апошняга выпускнога экзамэну па ангельскай мове. Ён здаў экзамэн па расейскай мове на 9 і 8, а таксама на 4 балы матэматыку.
Юнак апавёў, што 2 чэрвеня на пэдагагічнай нарадзе разглядалася пытаньне, каб не выдаваць яму атэстат аб сярэдняй адукацыі і выключыць мясцовага лідэра “Маладога фронту” са школы. Усе настаўнікі прагаласавалі аднагалосна, каб хлопец здаў апошні экзамэн і атрымаў атэстат.
У аўторак сытуацыя зьмянілася. Іван Шыла паведаміў, што на пазачарговай пэднарадзе прынялі рашэньне выключыць хлопца са школы.
Гаворыць Іван Шыла: "Натуральна, што, калі я ўжо здаў два экзамэны і рыхтаваўся да апошняга па ангельскай мове, то я не чакаў такога рашэньня. Бо яно не зусім лягічнае і юрыдычна незаконнае”.
Івану і ягоным бацькам пакуль не патлумачылі прычыну адлічэньня хлопца. Адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, калі выпускніка, які пасьпяхова вучыўся, і, якога дапусьцілі да здачы экзамэнаў, за дзень да апошняга экзамэну адлічылі з вучобы.
Адлічэньне вучня пацягнула за сабой кадравыя ператасоўваньні ў адміністрацыі школы.
“Дырэктарка пасьля гэтага напісала заяву аб звальненьні са школы. Яна абгрунтавала гэта тым, што ў любым разе ў яе будуць пасьля гэтага праблемы, бо ідэалягічная праца пастаўленая не належным чынам. Яна казала, што болей удзельнічаць у гэтым ня хоча, бо ў яе ёсьць дзеці і яна ня хоча, каб такія амаральныя рашэньні адбіваліся на яе дзецях. Яе намесьніца добраахвотна заяву не напісала, дык яе саму звольнілі. Яна адказвала за выхаваўчую працу. Такім чынам, тая ж пэдагагічная нарада, якая напярэдадні аднагалосна прыняла рашэньне выдаць мне атэстат і не ануляваць мне экзамэнаў, якія я ўжо здаў, на наступны дзень прыняла супрацьлеглае рашэньне”.
Іван Шыла стаў сябрам “Маладога фронту” ў 9-й клясе. 25 разоў адміністрацыйныя камісіі выканкаму разглядалі міліцэйскія пратаколы, паводле якіх яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях. Летась супраць Івана Шылы распачалі крымінальную справу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. 4 верасьня суд пастанавіў, каб пэдагагічны калектыў належным чынам выхоўваў юнака.