Разгляд "справы 14-ці" працягнецца 23 траўня
Працяг "справы 14" пачнецца заўтра раніцай у судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Міхаіла Субача, Паўла Вінаградава і Максіма Дашука абвінавачваюць у "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак" падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня ў сталіцы.
Нагадаем, у красавіку ўжо былі асуджаныя 10 чалавек. Андрэя Кіма прысудзілі да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Міхаіл Крываў і Таццяна Цішкевіч былі асуджаныя на 2 гады абмежавання волі без накіравання для адбыцця тэрміну ў спецыяльныя установы. Антону Койпішу і Уладзіміру Сяргееву прысудзілі штраф у памеры 3,5 мільёна рублёў.
Пра тое, чаму быў адкладзены працэс над астатнімі актывістамі, у інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў Міхаіл Субач: "Я і яшчэ некалькі чалавек не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Да таго часу, як я туды прыйшоў, нас ужо вылучылі ў асобную справу. І спачатку ўсе працэсуальныя дзеянні датычылі менавіта гэтай дзесяткі, а з намі вырашылі разабрацца пазней".
23 траўня мусілі судзіць і Аляксандра Баразенку, але ён з'ехаў за мяжу і абвешчаны беларускімі праваахоўнымі органамі ў крымінальны вышук.
Працэс пачнецца ў пятніцу ў 9.30 у Цэнтральным судзе сталіцы па адрасе Кірава, 21.