viasna on patreon

Міхаіла Пашкевіча выключаюць з БДУ

2008 2008-04-08T10:19:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Моладзевага актывіста АГП адлічаюць з гістарычнага факультэту БДУ. Цэлы тыдзень хлопец ня можа атрымаць дазволу абараніць курсавую работу. А сёньня паведамілі, што найбліжэйшымі днямі яго адлічаць.

«Справа ў тым, што яшчэ летам мяне выключылі з ВНУ за ўдзел у выбарах у Менскі гарадзкі савет, за тое самае з гістфаку адлічылі і сябру Партыі БНФ Андруся Ігнатовіча. Я змог узнавіцца на завочным аддзяленьні, на 6-м курсе. Цяпер мне адмаўляюцца залічыць іспыт па мэтадалёгіі гісторыі, які я здаў. Аднак потым высьветлілася, што здаў я не свайму выкладчыку, і іспыт анулявалі. Не мая праблема, што ВНУ ня можа разабрацца з сваімі ўнутранымі пытаньнямі. Мне ў дэканаце адкрыта сказалі, што рашэньне аб маім выключэньні прымалася нават не на ўзроўні рэктара, а нашмат вышэй», — кажа М.Пашкевіч.

Фактычна, для атрыманьня дыплёму Пашкевічу заставалася толькі абараніць курсавую, а таксама здаць дзяржаўныя іспыты. Але, мабыць, такой магчымасьці ўжо не надарыцца. Як лічыць хлопец, выключэньне зьвязанае з крымінальнай справай за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня, удзеле ў сьвяткаваньні Дня Волі, а таксама тым, што ён стаў адным з заяўнікаў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху».

Міхаіл кажа, што праблем з вучобай у яго ніколі не ўзьнікала да той пары, пакуль ён не пачаў браць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці.

«Проста так саступаць я не зьбіраюся. Буду змагацца за свае правы. Зьбіраюся заўтра пракансультавацца зь юрыстам АГП Сяргеем Альферам, пасьля чаго ўжо выпрацую канчатковы плян дзеяньня. Ведаю толькі, што зьяжджаць на навучаньне ў Польшчу ня буду. Чарговы раз узнаўляцца ў БДУ таксама ня мае сэнсу, калі цяпер да канца вучобы застаецца некалькі крокаў. Трэба змагацца за сваё цяпер», — падсумоўвае М.Пашкевіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства