Вызвалены ад пакараньня Аляксандр Круты безпадстаўна знаходзіцца ў Жлобінскім СІЗА
24 студзеня суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Крутога віноўным у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 368 КК РБ - публічная абраза прэзідэнта краіны. Аднак у сувязі з тым, што дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, Аляксандр Круты вызвалены ад пакараньня, а крымінальная справа спыненая. Паколькі падчас сьледства ў дачыненьні да абвінавачанага праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што Аляксандр Круты хворы на паранаідальную шызафрэнію, суд пастанавіў прымяніць прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў псіхіятрычнай бальніцы са звычайным назіраньнем.
Аднак судзьдзя Л. Драчан, выносячы прысуд, не ўлічыла наступную акалічнасьць. Паводле часткі 2 артыкула 448 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ, суд не павінен быў прымяняць прымусовую форму лячэньня, паколькі “дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, Аляксандр Круты вызвалены ад пакараньня, а крымінальная справа спыненая.”
Між тым, вызвалены ад крымінальнай адказнасьці Аляксандар Круты знаходзіцца зараз ў следчым ізалятары Жодзіна, у сувязі з тым, што згодна з пастановай суда мера стрыманьня павінна быць адменена толькі па змяшчэньні Крутога ў псіхіятрычную бальніцу. Атрымалася, што вызвалены ад пакараньня па ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА. У які шпіталь ён будзе змешчаны і калі – таксама невядома.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць гэта падставай для абскарджваньня пастановы суда ў касацыйным парадку. Такой жа думкі прытрымліваецца і адвакат асуджанага Мар’яна Сямешка. Яна ня згодная з вынесеным прысудам, паколькі лічыць, што віна Аляксандра Крутога не была пацьверджаная у судзе прад'яўленымі доказамі, і справа спыненая не па рэабілітуючых падставах, а ў сувязі з адсутнасьцю грамадзкай небясьпекі.
Нагадаем, што крымінальная справа за публічную абразу прэзідэнта была ўзбуджана супраць Аляксандра Крутога яшчэ ў траўні 2003 года. Некалькі гадоў А.Круты жыў у Менску і быў затрыманы толькі ўвосень 2007 году. Спачатку грамадзкі актывіст утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, пасьля знаходзіўся ў рэспубліканскім псіхіятрычным шпіталі.